або Што супольнага паміж Калядамі і Божым Нараджэньнем? Піша Пётра Рудкоўскі.

Неяк у другой палове сьнежня я досыць доўга лазіў па Віцебску, шукаючы якую паштоўку, на якой красаваўся б прыгожы беларускі надпіс «З Калядамі!» Ну і... так і не знайшоў. А выяўляецца, што прыкладна ў той самы час, калі я ўтрапёна шукаў паштоўку «З Калядамі!», хтосьці, рушаны матывам абараняць «чысьціню» хрысьціянскае веры, старанна заклейваў такі ж самы надпіс на сувэнірных пакунках з цукеркамі. «Каляды» паводле іх — подых паганства.

Апісаны Сяргеем Харэўскім (глядзіце «НН» №1’2007) факт заклейваньня надпісу «З Калядамі!» прадстаўнікамі пяцідзясятніцкай Царквы «Благодать Христа» выклікаў гаму эмоцыяў сярод чытачоў «Нашай Нівы» і спарадзіў цалкам натуральнае пытаньне: як быць з такімі фактамі?

Эмоцыі тут цалкам на месцы. Бо ёсьць нямала хрысьціянаў, якія намагаюцца стварыць такую формулу «быцьця сапраўдным хрысьціянінам», якая выключае шэраг пластоў беларускай народнай культуры як «паганскія». З другога боку, ёсьць таксама такія формулы «быцьця сапраўдным беларусам», якія скіраваны на элімінацыю хрысьціянскай рэлігіі зь беларускай культурнай прасторы. Абедзьве формулы, роўна ж як і адпаведныя стратэгіі іх ажыцьцяўленьня, грунтуюцца на нейкіх глыбокіх непаразуменьнях. Пастараюся ўнаявіць гэтыя непаразуменьні.

Так, гэта праўда, што «Каляды», гэтаксама як і «Купальле», «Дзяды», «Сёмуха» і інш. маюць дахрысьціянскае («паганскае») паходжаньне. Перад хрысьціянамі стаіць выбар: альбо радыкальна адмежавацца ад гэтых зьяваў, альбо шукаць спосабаў суіснаваньня. Што рабіць?

Ужо ад зараньня хрысьціянства гэтая праблема была на парадку дня. Хрыстовы апосталы, выконваючы загад Настаўніка: «Ідзіце і навучайце ўсе народы...» павінны былі неўзабаве сутыкнуцца з дылемай такога тыпу: ці абрэзваць паганцаў, ці не абрэзваць? ці павінны паганцы прымаць юдэйскія звычаі, ці не павінны? ці хрысьціянам можна есьці мяса, ахвяраванае паганскім багам, ці нельга?

Гэта толькі пачатак. Як толькі хрысьціянства ўвайшло ў вышэйшыя слаі грэцкага і рымскага насельніцтва, зьявіўся букет новых праблемаў: ці можна хрысьціянам чытаць Плятона, Арыстотэля, Гамэра, Віргілія, Цыцэрона? Як ставіцца да грэцкай культуры, паэзіі, філязофіі? Ці Сакрат і Хрыстос — гэта нешта ўзаемавыключальнае, ці наадварот, паміж імі глыбокая повязь?

Хрысьціянства ў той Хрыстова‑апостальскай вэрсіі ніколі не было фундамэнтальна варожым да прэ‑хрысьціянскіх культурных напластаваньняў.

І гісторыя дыскусіі вакол узаемаадносінаў хрысьціянскай веры і прэхрысьціянскай (або пара‑хрысьціянскай) культуры дасёньня не закончылася і будзе доўжыцца хіба да канца сьвету. Але важна тут засвоіць адну важную рэч: хрысьціянства ў той Хрыстова‑апостальскай вэрсіі ніколі не было фундамэнтальна варожым да прэ‑хрысьціянскіх культурных напластаваньняў. «Ня быць варожым» — гэта, канечне ж, не пазначае бескрытычнай акцэптацыі. Хрысьціянства было крытычным да шэрагу элемэнтаў напатканай культуры, напр., асуджала політэізм і зьвязаны з гэтым культ асобы імпэратара, асуджала распусту, разводы, звычай забіваньня дзяцей‑інвалідаў і многія іншыя рэчы. Але ў канчатковым пляне хрысьціяне ў стасунку да культуры «гэтага сьвету» зыходзілі са словаў Ісуса Хрыста: «Так Бог палюбіў гэты сьвет, што даў Сына свайго адзінароднага...» Бог любіць гэты сьвет.

Ужо ў ІІ ст. нашае эры зьявілася пляяда вучоных хрысьціянаў (сьвятыя Ірынэй і Юстын, Атэнагор, Мінунцый Фэлікс, Ляктанцый), якія пачалі спалучаць Хрыстова вучэньне з грэцкай філязофіяй. Тое, што мы называем «хрысьціянскім багаслоўем» — гэта ж прадукт таго сынтэзу — Хрыстовага вучэньня і «паганскай» (!) філязофіі. Што праўда, былі таксама адасобленыя галасы, якія абурана ўскліквалі: «Ах, што супольнага паміж Афінамі і Ерусалімам?!», але яны так і засталіся адасобленымі.

І справа тут ня ў здрадзе Хрыстовай навуцы. Мы ня здраджваем Хрысту, працягваючы руку на знак згоды «Атэнам» (прэхрысьціянскай культуры) гэтаксама, як ня здраджваў Хрысту сьвяты Павал, калі заклікаў галятаў не рабіць абразаньня і не прымаць юдэйскіх звычаяў, а заставацца сабой, практыкаваць хрысьціянства ў кантэксьце сваёй культуры і згодна са сваімі звычаямі (гл.: Пасланьне да галятаў). «Да чаго можна параўнаць Валадарства Божае?» — рытарычна ў свой час пытаўся Ісус Хрыстос. І ў адказе на гэтае пытаньне параўнаў Божае Валадарства да фэрмэнту, «дрожджаў», якія ўкладваюцца ў цеста. І гэта сутнасьць хрысьціянства — быць фэрмэнтам у гэтым сьвеце і ў дадзенай культуры.

Паводзіны эвангелікаў з Царквы «Благодать Христа» разыходзяцца з гэтай ідэяй. Яны замест таго, каб пакласьці дрожджы ў цеста, вырашылі аддзяліць адно ад другога і старанна пільнаваць, каб, барані Бог, адно з другім не спаткалася. Рэлігія — асобна, а культура — асобна. Але мэсыдж Хрыстовага вучэньня іншы — рэлігія — гэта фэрмэнт культуры!

Дарагія браты эвангелікі! Дазвольце Хрысту ўвайсьці ў нашу культуру! Не забараняйце Яму быць там, дзе сьвяткуюцца Каляды, Дзяды, Купальле. Навучыце дзяцей цешыцца Калядамі, якія Сын Божы асьвяціў праз сваё нараджэньне і надаў ім глыбейшы сэнс. Бо гэта ж Яго місія — «несьці сьвятло паганцам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?