Прэзідэнт УЕФА Мішэль Плаціні выступіў з прапановай змяніць фармат правядзення адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы-2016 па футболе, у фінале якога ў Францыі будуць удзельнічаць 24 зборныя.
На пасяджэнні выканкама УЕФА на Кіпры ён прапанаваў падзяліць адборачны турнір на два этапы. На першым з іх 52 зборныя будуць рассеяныя па 13 групах.
Чатыры каманды ў кожнай групе за год правядуць турнір.Зборныя, якія зоймуць першыя месцы ў сваіх квартэтах, атрымаюць пуцёўкі ў фінальны раўнд.
На думку Плаціні, наймацнейшыя каманды Старога Свету пры такой формуле будуць вызваленыя ад шматлікіх сустрэч з горшымі ў класе камандамі.
Падчас другога года адборачнага цыклу топ-зборныя правядуць выставачны турнір, які павінен прынесці УЕФА салідны прыбытак.
А рэшта камандаў будзе зноў размеркаваная па адборачных групах, у якіх будуць разыграны яшчэ 10 пуцёвак у фінальную стадыю Eўра-2016.
Чэмпіянат Еўропы-2016 стане першым, у якім колькасць удзельнікаў складзе 24 каманды. Да 1992 года фіналістаў было восем, а з 1996 г. іх склад пашырыўся да 16-ці. На Еўра-2012 у Польшчы і Украіне таксама выступяць 16 зборных.
Францыя ўжо вызначылася з гарадамі, якія прымуць чэмпіянат Еўропы. У спіс увайшлі Бардо, Ланс, Ліль, Марсэль, Нансі, Ніца, Парыж і Ліён.