«Газпрам» можа ўзяць удзел у куплі акцый не толькі «Белтрансгазу», але і іншых беларускіх прадпрыемстваў на ўмовах Беларусі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 23 верасня на сустрэчы ў Мінску са старшынёй праўлення ААТ «Газпрам» Аляксеем Мілерам.

«Усе прывыклі гаварыць, што ў нас з «Газпрамам» ёсць адна праблема — гэта цэны на будучыя пастаўкі прыроднага газу, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Але я ведаю, што вельмі даўно, яшчэ да вашага прыходу ў «Газпрам», ішлі перамовы аб тым, што нам трэба пашырыць супрацоўніцтва з «Газпрамам», і вызначаліся цікавыя праекты. Я схільны да таго, каб і іх абмеркаваць, паколькі мы з вамі ўжо вельмі даўно не сустракаліся, а праектаў можа быць дастаткова для абмеркавання».

Як падкрэсліў Лукашэнка, «праектаў нямала». «У тым ліку я абсалютна не выключаю, гэта адно з пытанняў —

акцыянаванне і купля акцый «Белтрансгаза», магчыма, і іншых прадпрыемстваў, якія будуць цікавіць «Газпрам», і калі «Газпрам» будзе згодны на тыя ўмовы, якія сёння прапануюцца ў Беларусі. Ёсць цэлы пакет пытанняў, якія мы гатовы разглядаць»,
 — сказаў ён.

Лукашэнка нагадаў, што напярэдадні падчас сустрэчы Мілера з беларускім прэм’ерам Міхаілам Мясніковічам былі дасягнуты прынцыповыя дамоўленасці па прасоўванні наперад ва ўзаемных перамовах. «Я таксама хацеў бы пачуць пра гэтыя зрухі. Гэта для нас вельмі важна», — адзначыў прэзідэнт.

Гаворачы пра цану на прыродны газ, што пастаўляецца ў Беларусь, Лукашэнка сказаў кіраўніку «Газпрама»: «Ведаю, што вы палітыкай не займаецеся,

але тым не менш заўсёды гэта пытанне становіцца палітычным, калі мы адкладваем на доўгі час вырашэнне пытанняў з „Газпромам“.
Хацелася б, каб мы аператыўна вырашалі гэтыя пытанні».

Ён таксама адзначыў, што гэтыя праблемы абмяркоўваліся як з прэм’ер-міністрам Расіі Уладзімірам Пуціным, так і з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым падчас нядаўняй сустрэчы ў Сочы. «Я вельмі задаволены быў гэтай сустрэчай, і думаю, што ў гэтым ключы мы можам прадоўжыць нашу працу», — сказаў беларускі кіраўнік.

У сваю чаргу Мілер на сустрэчы заявіў: «У апошнія месяцы перамовы ішлі вельмі паспяхова, і я ведаю, што яны ідуць пад вашым непасрэдным кантролем. Мы сёння ўжо рэальна выходзім на гатоўнасць сур’ёзнага пакета дакументаў. Гэта і новы кантракт на пастаўку газу ў Беларусь з 1 студзеня 2012 года, падмацаваны міжурадавым пагадненнем аб прынцыпах цэнаўтварэння і тарыфаўтварэння. Гэта і міжурадавае пагадненне, і дагавор куплі-продажу 50% акцый «Белтрансгаза».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?