Ініцыятыўнай групе «Цвярозасць — гэта лёгка!» міліцыя не дала магчымасці правесці 2 кастрычніка штотыднёвую прабежку ў сталічным парку імя Горкага.

Як паведамілі ініцыятары акцыі, група праводзіць кожную нядзелю прабежкі за здаровы лад жыцця. Усе ахвотныя могуць прыйсці на прабежку ў 9.00 да цэнтральнага ўваходу ў парк імя Горкага.

Аднак каля 9 гадзіны ў мінулую нядзелю, калі ўдзельнікі сабраліся рабіць ранішнюю зарадку, узнік канфлікт з міліцыяй. Да ўдзельнікаў прабежкі падышлі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Адзін з іх быў у форме, другі — у цывільным адзенні. Пазней да іх далучыліся яшчэ два супрацоўнікі ў форме.

Яны заявілі, што бегаць нельга, інакш усе ўдзельнікі будуць затрыманыя за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Адзін з удзельнікаў папрасіў растлумачыць, што такое санкцыянаванае, а што такое несанкцыянаванае мерапрыемства, але супрацоўнікі міліцыі на гэта нічога не адказалі. Пры гэтым яны папярэдзілі, што калі ўдзельнікі групы «пачнуць нейкія дзеянні», то будуць затрыманыя. Удзельнікі прабежкі, нягледзячы на папярэджанне, правялі прабежку па іншым маршруце.

Наступным разам ініцыятары акцыі за здаровы лад жыцця збіраюцца правесці прабежку ў іншым месцы сталіцы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?