Па факце нападу на аўтамабіль намесніка старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Валерыя Ухналёва распачата крымінальная справа «аб крадзяжы ў асабліва буйных памерах».

Аб завядзенні крымінальнай справы палітык даведаўся 3 кастрычніка ў Валожынскім РАУС. Раней Ухналёў лічыў, што крымінальная справа будзе распачата на падставе артыкула «Разбой».

3 кастрычніка ў Валожынскім РАУС Валерый Ухналёў забраў свой аўтамабіль і атрымаў даведку для сваёй дачкі Антаніны, якой неабходна аднавіць украдзеныя дакументы.

Паводле слоў Ухналёва, нічога новага аб расследаванні крымінальнай справы ён не даведаўся. У РАУС яму паведамілі, што цяпер праводзіцца адпаведная экспертыза.

Як раней паведамлялася, на аўтадарозе Ашмяны — Мінск 1 кастрычніка ў 1.30 быў учынены напад на аўтамабіль Ухналёва, у якім таксама знаходзілася яго дачка Антаніна і член аргкамітэта па стварэнні «Беларускага руху» Вацлаў Арэшка. Машыну спыніў чалавек у форме супрацоўніка ДАІ, ён папрасіў прад’явіць дакументы і выйсці. Затым пад’ехалі яшчэ дзве машыны, адкуль выскачылі людзі без апазнавальных знакаў у масках, паклалі Ухналёва на зямлю, звязалі яго, адвалаклі ад машыны метраў на 15 і кінулі ў кусты. Усіх абшукалі, забралі сумкі, барсеткі, мабільныя тэлефоны, два наўтбукі, ключы ад кватэры і машыны, грошы.

У Валерыя Ухналёва была ўкрадзена буйная сума грошай, якую ён вёз у Літву, каб купіць лекі для сваёй хворай на анкалагічнае захворванне жонкі. Медыкаменты купіць не ўдалося, грошы засталіся на руках, і ён вёз іх назад.

Лідар партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін 3 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў, што Ухналёў пры сабе меў 12 тысяч долараў. «Грошы былі пазычаныя, аднак лекі купіць ён не змог. Можна выказаць меркаванне, што зламыснікі праслухоўвалі тэлефон і ведалі пра грошы, бо буйная сума іх не здзівіла. Дый наўрад ці „Опель“ 1999 года мог прыцягнуць звычайных бандытаў», — сказаў палітык.

Сам Ухналёў звязвае напад са «сваёй прафесійнай дзейнасцю палітыка».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?