19 студзеня

Беларускі Хэльсынскі камітэт выселілі

Беларускі Хэльсынскі камітэт атрымаў ліст з Гаспадарчай управы Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта з паведамленьнем аб прыпыненьні арэнды памяшканьня. Праваабарончай арганізацыі было рэкамэндавана вызваліць памяшканьне да 20 студзеня. Пазбаўленьне офісу пагражае БХК юрыдычнай ліквідацыяй. Аднак кіраўніцтва арганізацыі не зьбіраецца прыпыняць дзейнасьці. Старшыня БХК Тацяна Процька сьцьвярджае, што арганізацыя ня мела запазычанасьцяў па аплаце арэнды памяшканьня.

У аддзеле дамоў галоўнай гаспадарчай управы Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта адмовіліся камэнтаваць прычыны скасаваньня дамовы з БХК.

Ван дэр Ліндэна не пусьцілі да Казуліна

Кіраўнік Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Рэнэ ван дэр Ліндэн не атрымаў дазвол на сустрэчу з асуджаным Аляксандрам Казуліным. Ён меў сустрэчу з жонкай экс‑кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Ірынай Казулінай.

Флэш‑моб у падтрымку палітвязьняў

170 чалавек прынялі ўдзел у флэш‑мобе ў падтрымку палітвязьняў. Акцыя прайшла ў 20.30 ля кінатэатра «Аўрора». Людзі з запаленымі свечкамі прайшлі па вуліцы Прытыцкага і потым сталі ў ланцуг.

Некалькі маладых людзей былі затрыманы перад яе пачаткам у раёне станцыі мэтро «Фрунзенская». Іх пратрымалі ў амапаўскім аўтобусе гадзіну, а потым выпусьцілі. Пасьля сканчэньня акцыі затрыманьняў не было.

20 студзеня

Акцыі пратэсту на Меншчыне

У Салігорску і Слуцку адбыліся акцыі салідарнасьці зь лідэрам незарэгістраванага «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам. У Салігорску на цэнтральным пляцы была вывешаная расьцяжка «Свабоду Дашкевічу!», а ў Слуцку праведзены пікет і раздача ўлётак. Міліцыянты затрымалі шасьцёх «маладафронтаўцаў», што кіраваліся ў Слуцак, Старобін і Старыя Дарогі. У Салігорску былі затрыманыя Андрэй Тычына, Іван ды Ільля Шылы, Зьміцер Карноў. На Івана Шылу складзены пратакол паводле арт. 156 КоАП. Зьміцер Карноў пакараны трыма суткамі арышту.

21 студзеня

Пачаў дзейнічаць закон «Аб процідзеяньні экстрэмізму»

Закон тлумачыць паняцьці «экстрэмізм» і «экстрэмісцкая дзейнасьць», вызначае асноўныя прынцыпы і кірункі процідзеяньня экстрэмізму, усталёўвае суб’екты процідзеяньня гэтай зьяве і іх паўнамоцтвы, уводзіць меры процідзеяньня экстрэмізму.

Сярод такіх мераў можна назваць: прыпыненьне дзейнасьці арганізацыі; прызнаньне арганізацыі, зарэгістраванай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, экстрэмісцкай, забарона яе дзейнасьці і яе ліквідацыя; забарона дзейнасьці экстрэмісцкіх замежных і міжнародных арганізацый; процідзеяньне выданьню і распаўсюджваньню экстрэмісцкіх матэрыялаў; недапушчэньне ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці пры правядзеньні масавых мерапрыемстваў; процідзеяньне публічным заклікам службовай асобы арганізацыі да ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.

Варта адзначыць, што на хутчэйшым прыняцьці законапраекту настойваў старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка, які назваў яго «вельмі неабходным».

Адсьвяткавалі дзень народзінаў Каліноўскага

Актывісты грамадзянскай кампаніі «За Свабоду!» правялі акцыю, прысьвечаную дню нараджэньня Кастуся Каліноўскага. Некалькі дзясяткаў чалавек сталі ў ланцуг на скрыжаваньні вуліцы Ванеева і праспэкту Ракасоўскага. У руках яны трымалі літары, якія складалі адну з найбольш вядомых цытатаў Каліноўскага: «Не народ для ўрада, а ўрад для народу!» Праз 15 хвілін людзі разышліся, ніхто з удзельнікаў ня быў затрыманы.

23 студзеня

Судзяць палякаў

У суде Кастрычніцкага раёну Горадні пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць кіраўніка Гарадзенскага гарадзкога аддзелу Саюза палякаў у Беларусі Мечыслава Яскевіча. Яго вінавацяць у правакаваньні бойкі. Паводле ч.1 арт. 339 КК (хуліганства) Яскевічу пагражае пакараньне ў выглядзе грамадзкай працы, або штрафу, або арышту да 6 месяцаў, або пазбаўленьня волі тэрмінам да 2 гадоў. Наступнае паседжаньне суду пройдзе 30 студзеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0