Не пасьпеў я яшчэ ўключыць дыктафон, як Янка Саламевіч пачаў абураную тыраду ў бок неахайнасьці і непісьменнасьці сёньняшніх дзяржаўных выдавецтваў. Саламевіча адхілілі ад працы ўжо чатыры гады таму, але дасьледчык працягвае хвалявацца за ўстановы, якім ён аддаў шмат гадоў свайго жыцьця і працы. Менавіта з гэтага, а не з асноўнай тэмы — псэўданімаў, і пачалася наша гутарка.

Янка Саламевіч: У часопісе «Беларусь» ня так даўно далі інфармацыю, што Міхась Чарот памёр у 1942 г., але ж ён быў расстраляны 29 кастрычніка 1937 г. Чытаю ў календары «Родны край» пра лекара з Чэрвеньшчыны, падлічыў, здаецца, што дзеду цяпер было б больш за сто гадоў. Тэлефаную на яго Радзіму, аж мне там кажуць, што ён памёр яшчэ ў 70‑я, а яго на старонках выданьня паказваюць як жывога. І такія хібы паўсюль, ужо гадоў зь дзесяць у дзяржвыдавецтвах ніхто ні за чым ня сочыць. Ніводнай рэцэнзіі не патрабуецца, каб надрукаваць артыкул. Разбурана ўсё, што было.

Некалі ў нас была тэрміналягічная камісія, у якую ўваходзілі сапраўдныя кіты, які ведалі і шанавалі беларускую мову. Цяпер у «Беларускай энцыкляпэдыі» абсалютна ўсе размаўляюць па‑расейску. Тады ж тэрміналягічную камісію ўзначальваў Кандрат Крапіва, у яе ўваходзілі Гаўрыла Гарэцкі, біёляг Міхась Ганчарык, Янка Скрыган, Пятрусь Броўка.

Броўка, калі быў рэдактарам «Энцыкляпэдыі», заўсёды, калі выступаў, то пачынаў гаварыць пра лапці: «Мы ж да рэвалюцыі ў лапцях хадзілі»! Але цікавы ён быў чалавек, нават калі ў больніцы ляжаў, прасіў, каб яму прыносілі макеты кніжак на прагляд. Затое Шамякін нічога не рабіў, хоць быў дванаццаць гадоў рэдактарам. Прыкідваўся, што ў яго вока баліць, што ў яго рука не працуе. Шамякін на работу прыяжджаў а палове на пятую, а мы працавалі да паловы на шостую. Але нябось як Шамякін сышоў адтуль, то яшчэ зь дзясятак аповесьцяў напісаў і рука не балела, і вока.

«Наша Ніва»: Як Вы пачалі дасьледаваць беларускія псэўданімы? Хто падштурхнуў да гэтага кроку?

ЯС: Гэта мая любімая справа, хобі на ўсё жыцьцё. Пасьля унівэрсытэту я працаваў у выдавецкім аддзеле Ленінскай бібліятэкі. Тады яшчэ старую «Нашу Ніву» не давалі ў рукі шырокаму чытачу, але тыя, хто працавалі ў бібліятэцы, мелі доступ да падшыўкі. Я ж, канечне, ня мог не скарыстаць такую магчымасьць. У 1961 г. я знайшоў у адным з нумароў «НН» за 1915 год пад артыкулам пра народныя беларускія танцы подпіс «Я ‑ ‑ р». У каго не пытаўся, хто гэта, ніхто ня ведае. Мне страшэнна было цікава. Урэшце я рассакрэціў крыптонім. Цяпер я ўжо ведаў, што гэта «Ясакар», псэўданім Зьмітрака Бядулі.

«НН»: Натуральна, што на гэтым Вы не спыніліся?

Чаргінцу занясеш гэты слоўнік, той ён выйдзе празь месяц, але я ад Купалы не адступлюся

ЯС: Канечне, не спыніўся, а толькі больш разагрэў інтарэс. Знаёмы хлопец даслаў мне з Украіны тамтэйшы слоўнік псэўданімаў, і я падумаў: калі ва ўсіх ужо ёсьць такія слоўнікі, то чаму ў беларусаў няма. У нашай бібліятэцы быў вельмі цікавы дырэктар — Сіманоўскі, ён у свой час быў скончыў Сарбонскі і Бэрнскі ўнівэрсытэты, пераклаў на беларускую «Зімовую казку» Гётэ, то ён мяне ўвесь час і падштурхоўваў, каб я гэтым больш глыбока заняўся.

«НН»: Што адбывалася далей?

ЯС: Празь нейкі час я сабраў патрэбны матэрыял, але нечакана ўзьнікла прабема з выданьнем. Калі я занёс свой слоўнік у «Мастацкую літаратуру», то мне сказалі, што гэта ня іхны профіль, ідзіце ў «Навуку і мастацтва». Тамака ж у сваю чаргу не было ганарараў. Быў раззлаваўся да такой ступені, што зьбіраўся спаліць гэты рукапіс. Так ён і ляжаў у мяне, абсалютна нікому не патрэбны.

Сытуацыя зьмянілася, калі мой добры сябар Міхась Дубянецкі стаў рэдактарам «Мастацкай літаратуры», тады і зьявілася магчымасьць выдаць. У рэдактары далі мне Алеся Разанава, і слоўнік выйшаў у 1983 г. У ім было расшыфравана каля чатырох тысячаў псэўданімаў і крыптонімаў.

«НН»: Вы засталіся задаволеныя тым выданьнем?

ЯС: Канечне! У кнігарнях слоўнік праляжаў два тыдні, яго наклад быў цалкам скуплены. Праца была праробленая калясальная, ад таго і памылак там было вельмі мала. Хіба што такія: вось, напрыклад, я ў Максіма Лужаніна запытаўся, хто падпісваўся, як Кузьма Гіра. Лужанін сказаў, што Антось Бялевіч. Я так і напісаў. Тады гляджу, што псэўданім Кузьма Гіра выплывае і пасьля сьмерці Бялевіча. Высьветлілася, што гэта Анатоль Вялюгін.

Новы слоўнік будзе раскрываць 20 тыс. псэўданімаў і крыптанімаў

Можна лічыць, што я адзін выканаў працу цэлага інстытуту, у Польшчы такі слоўнік рабілі 18 чалавек. Пасьлядоўнікаў няма, моладзь чамусьці не цікавіць гэтая дзялянка. Цяжка сказаць, што чакае ў будучыні дасьледаваньне беларускіх псэўданімаў.

«НН»: Перавыданьне чакаецца?

ЯС: Яно будзе, але найхутчэй ня сёлета, у лепшым выпадку толькі налета. У новым слоўніку будзе раскрыта больш за 20 тысячаў псэўданімаў і крыптонімаў. Дарэчы, гэты слоўнік найхутчэй будзе прысьвечаны сьветлай памяці Генадзя Каханоўскага, майго таварыша, сябра, настаўніка, і выйдзе не ў Беларусі, бо выдаць тут такое выданьне не ўяўляецца рэальным.

Чаргінцу занясеш гэты слоўнік, то, вядома, ён выйдзе празь месяц, але я ад Купалы нікуды не адступлюся, ад таго Саюзу, дзе ён быў, ні на крок. Чуў, як выступаў на адкрыцьці зьезьду Чаргінец: «Мы вырастим нового Купалу». Якая абраза!

Вось каляндар нядаўна выпусьцілі «Насустрач 125‑годзьдзю Купалы і Коласа». Толькі назва па‑беларуску, увесь каляндар па‑расейску. Мне сорамна, калі нашага прэзыдэнта пытаюцца, што ён думае наконт беларускай мовы. Аказваецца, што матэматычныя тэрміны на беларускую мову перакласьці нельга. На кітайскую можна, на нямецкую — можна, а на беларускую — не. Радзькоў выдаў загад, каб гісторыя Беларусі выкладалася па‑расейску, што гэта такое? Мову нашу загналі ў літаральным сэнсе ў падзямельле, яна ж гучыць цяпер толькі ў мэтро. На апошнія выбары я не хадзіў. Вырашыў — хадзі ні хадзі, усё адно абдураць.Няважна, як прагаласуеш, важна — як падлічаць.

«НН»: Што ўвогуле для Вас значаць псэўданімы?

ЯС: Псэўданімы — гэта маё жыцьцё. Я маю шмат друкаваных артыкулаў на розныя тэмы, але свой «Слоўнік псэўданімаў» лічу галоўнай працай жыцьця. Некалі Каханоўскі мне казаў: «Кінь усё, а займайся толькі псэўданімамі». Аднак так, як бы я ні хацеў, не ўдаецца, заходзіш у любую рэдакцыю, а там просяць напісаць пра гэта, пра тое...

«НН»: Як увогуле праходзіць працэс расшыфроўкі псэўданімаў?

ЯС: Самая лепшая крыніца — калі адказвае і называе свае псэўданімы сам аўтар. Але і аўтары могуць забывацца. Некалі Пімен Панчанка мне напісаў, што пасьля вайны ў «Вожыку» некалькі яго артыкулаў выйшлі пад псэўданімам «Янка з‑пад Ганцавічаў», я пакапаўся ў архівах і знайшоў, што не было такога псэўданіму, а быў «Якуб Конаўка з‑пад Ганцавічаў».

Куляшову некалі тры разы пісаў, але ён ні разу не адказаў. Да гэтага часу дакараю сябе, што некалі не напісаў ліст Максіму Танку, ён бы дакладна адказаў. Шмат хто раней не адказваў, бо больш піў, чым займаўся справамі. Тое ж і цяпер. Напісаў Туровічу ліст, нічога ён не адказвае, бо закладвае, і ўсё.

Калі выйшла паэма пра Луку Мудзішчава, да мяне прыходзіў нейкі гэбіст дазнацца, хто аўтар

«НН»: Ці існуюць такія псэўданімы, якія Вы ня ў стане расшыфраваць?

ЯС: Такіх мільёны. Асабліва цяпер, скажам, у «ЛіМе» праз адзін подпіс «Н.К.», «наш карэспандэнт», а паспрабуй дазнайся, каму ён належыць. Калі і захочаш высьветліць, то наўрад ці ўдасца.

Калі выйшла паэма пра Луку Мудзішчава, да мяне прыходзіў нейкі гэбіст, спрабаваў дазнацца, хто аўтар. Але, калі я і ведаю псэўданім, то бяз згоды аўтара ня маю права рассакрэчваць яго, бо за гэта мне можа пагражаць крымінальная адказнасьць.

Сёньня я працягваю ўносіць у сваю картатэку ўсё, што трапляе на вочы, я не гляджу хто гэта, журналіст, паэт ці нейкі выпадковы чалавек, калі ён падпісваўся не сваім імём, я яго фіксую.

«НН»: Хто быў рэкардсмэнам па псэўданімах сярод беларускіх аўтараў?

ЯС: Цяжка адназначна сказаць. Можа, Зьміцер Жылуновіч, бо калі ён у 1918— 1919 г. выдаваў «Дзяньніцу» ў Пецярбурзе, у выданьні не было абсалютна каму пісаць, апроч самога Жылуновіча. І на адной старонцы было восем яго псэўданімаў. І «Мужык», і «Кліч» і г.д. Правільна казала некалі цётка Ўладзя: уся беларуская літаратура магла зьмясьціцца на адной канапе. У таго ж Купалы было мноства псэўданімаў.

«НН»: А самі Вы карыстаецеся псэўданімамі?

ЯС: У мяне іх каля двухсот пяцідзесяці, калі я друкаваўся ў календары «Родны край», то, каб маё імя не паўтаралася часта, прыдумваў псэўданімы. Спачатку перабраў усе прозьвішчы са сваёй вёскі, дрэвы, кусты, што расьлі ў ваколіцах, нашы слонімскія словы. Псэўданімы як, бывае, прыдумваюцца: глянуў чалавек у акно, што першае ўбачыў, так і назваўся.

Янка Саламевіч нарадзіўся ў 1938 г. у вёсцы Малая Кракотка (Слонімшчына) у сялянскай сям’і. Скончыў беларускае аддзяленьне філялягічнага факультэту БДУ (1960). Кандыдат філялягічных навук. Сябар СП СССР з 1989 г. У 1983 г. выпусьціў «Слоўнік беларускіх псэўданімаў і крыптонімаў XVI-XX стст.» Таксама займаўся фальклёрам, літаратуразнаўствам, перакладамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?