У Нясвіжы мясцовае аддзяленне «Мінаблсаюздруку» адмаўляецца прадаваць у сваіх кіёсках недзяржаўную рэгіянальную газету «Нясвіжскі час». Дамова з рэдакцыяй на гандаль газетай скасоўваецца з 20 сакавіка 2007 года.

«У сувязі з эканамічнай неэфектыўнасцю рэалізацыі газеты «Нясвіжскі час», – паведамляецца ў лісце начальніка Нясвіжскага раённага аддзялення «Мінаблсаюздруку» Таццяны Навоша ад 17 студзеня.

«Вакол газеты ў апошні час склалася даволі няпростая сітуацыя, і якая, на мой погляд, кімсьці каардынуецца і кантралюецца», – выказаў свой погляд службе маніторынгу БАЖ галоўны рэдактар «Нясвіжскага часу» Аляксей Белы.

«У гэтым годзе наша выданне ўжо адмовіліся рэалізоўваць гандлёвае прадпрыемства «Нясвіжскі гархарчпрамгандаль» і крама «Новае месца». Па гэтай прычыне мы вымушаны былі знізіць наклад газеты з 2100 асобнікаў да 1700. Праз кіёскі «Саюздруку» мы прадавалі 250 асобнікаў газеты. Страта гэтага каналу распаўсюду для нас адчувальны ўдар».

Нагадаем, на пачатку гэтага месяца журналісты «Нясвіжскага часу» сутыкнуліся з праблемай – стала немагчыма атрымаць інфармацыю ў мясцовых дзяржаўных установах і арганізацыях. Супрацоўнікі гэтых устаноў, адмаўляюцца прадастаўляць звесткі, спасылаючыся на адпаведнае распараджэнне намесніка старшыні Нясвіжскага райвыканкама А.Маісені, які курыруе пытанні ідэалогіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?