Экс-кандыдата 5 кастрычніка выклікалі ў камісію па крымінальных пакараннях пры Ленінскім РУУС Мінска.

Як паведаміў Ус, у камісіі яго праінфармавалі аб умовах кантролю за ім. «Сказалі, што, згодна з крымінальным заканадаўствам, яны абавязаныя паставіць мяне на прафілактычны ўлік. Я падпісаў паперы, што буду даваць інфармацыю, калі збяруся выехаць за межы Беларусі. Мяне таксама папярэдзілі аб недапушчальнасці ўдзелу ў масавых мерапрыемствах», — сказаў ён.

Паводле слоў Уса, яму таксама паведамілі, што ў любы час да яго з праверкай могуць прыйсці супрацоўнікі міліцыі.

Адказваючы на пытанне, ці збіраецца ён пры выездзе за мяжу інфармаваць органы ўнутраных спраў, Ус зазначыў:

«Закон парушаць не буду. Няхай у нас адзін чалавек закон парушае
. Але я спадзяюся на цвярозы розум суддзяў і пракурораў і што мой прыгавор будзе адменены. Мяне ж абвінавацілі ў арганізацыі падпалаў, беспарадкаў і іншага, а ніводнага доказу не было дадзена. Спадзяюся, што гэты маразматычны прыгавор будзе адменены».

У сувязі з папярэджаннем адносна ўдзелу ў масавых мерапрыемствах Ус паведаміў, што думае, ці будзе ён прысутнічаць 8 кастрычніка на Народным сходзе. «Мяне туды ніхто не запрашаў. Але, магчыма, я прыйду туды як фізічная асоба», — сказаў Ус.

Нагадаем, Дзмітрый Ус, прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску 19 снежня 2010 года і асуджаны на пяць з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, быў вызвалены вечарам 1 кастрычніка на падставе ўказа Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?