Апазіцыйныя і праваабарончыя арганізацыі ўзгаднілі спіс палітзняволеных у Беларусі. Адпаведныя кансультацыі прайшлі 5 кастрычніка ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі,
паведаміў БелаПАН лідар партыі Анатоль Лябедзька.

«Кансультацыі сталі неабходнасцю. Калі мы хочам, каб спіс памяншаўся ці наогул знік, трэба прыцягваць да канкрэтнага спіса палітзняволеных міжнародны складальнік», — сказаў ён.

Палітык адзначыў, што ў розных арганізацый было сваё ўяўленне пра гэты спіс. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў кансультацыях удзельнічалі практычна ўсе праваабарончыя арганізацыі.

Паводле інфармацыі Лябедзькі,

спіс палітзняволеных пабудаваны па формуле «11+3».
Па 11 прозвішчах няма ніякіх рознагалоссяў. У іх лік уваходзяць Мікалай Статкевіч, Дзмітрый Бандарэнка, Андрэй Саннікаў, Алесь Бяляцкі, Мікалай Аўтуховіч, Дзмітрый Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Павел Севярынец, а таксама Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок і Аляксандр Францкевіч.
Трое — Яўген Васьковіч, Павел Сырамалотаў і Арцём Пракапенка — асуджаны за спробу падпалу будынка КДБ у Бабруйску.
Яны не прызналі віну ў наўмысным знішчэнні маёмасці. Паводле слоў Лябедзькі, ёсць некаторыя разыходжанні па справе з-за недастатковай інфармацыі пра яе.

Лідар АГП заявіў, што ў Мінску на судовых працэсах пастаянна прысутнічалі праваабаронцы і палітыкі, якія вялі маніторынг працэсу, у той час як бабруйскую справу «складана сінхранізаваць з міжнароднымі крытэрыямі», таму неабходна яе дадатковае вывучэнне.

Паводле слоў Лябедзькі, праваабарончыя арганізацыі згодны, што ў справы ёсць палітычная падаплёка, але пакуль ёсць сумненні ў тым, каб адназначна лічыць абвінавачваных палітзняволенымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?