Паводле папярэдніх звестак, у верасні аб’ём золатавалютных рэзерваў Беларусі ў вызначэнні МВФ павялічыўся на 134,9 млн. даляраў і на 1 кастрычніка 2011 г. склаў 4 млрд. 715,8 млн. даляраў у эквіваленце.

У той жа час у параўнанні з пачаткам года аб’ём ЗВР краіны зменшыўся амаль на 315 млн. даляраў (6,7%) з 5 млрд. 30,7 млн. на 1 студзеня 2011 года, паведаміла прэс-служба Нацбанка.

Павелічэнню золатавалютных рэзерваў спрыяла набыццё галоўным банкам краіны замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку, а таксама канвертацыя нерезервных актываў у рэзервныя.

Пры гэтым у верасні Нацбанкам і ўрадам Беларусі былі выкананы ў поўным аб’ёме знешнія і ўнутраныя абавязацельствы ў замежнай валюце ў суме каля 188 млн. даляраў у эквіваленце.

Старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова, выступаючы 3 кастрычніка на сесіі савета рэспублікі, заявіла, што ЗВР не забяспечваюць бязрызыкавую працу эканомікі.

«Сёлета ў выніку таго, што павялічыўся попыт на замежную валюту, знізіліся золатавалютныя рэзервы краіны да рызыкоўных, крытычных памераў, — сказала Ермакова. — Практычна сёння мы не маем тых запасаў, якія павінны быць у эканоміцы для забеспячэння бязрызыкавага жыцця або дзейнасці эканомікі».

Паводле Ермаковай, згодна з міжнароднымі нормамі, гэта прыкладна трохмесячны запас імпарту, 12–15 млрд. даляраў. «Такія павінны быць у нас золатавалютныя рэзервы», — адзначыла яна. «Мы сёння маем запас на 1–2 месяцы. Але гэта ўжо таксама нейкі плюсік, мы іх назапасілі за два месяцы», — падкрэсліла кіраўнік Нацбанка.

Нагадаем, у жніўні «Беларуськаліем» быў атрыманы крэдыт ад Азербайджана ў 300 млн. даляраў, якія былі залічаны ў склад ЗВР Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?