Музей сучаснага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47). Ад 18 кастрычніка.

З 12 кастрычніка 2011 г. у вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) будзе праходзіць выстава «Сатырычныя малюнкі. Плакат/ Rysunki satyryczne. Plakat» Богны Ота-Вэнгжын і Монікі Старовіч. Афіцыйнае адкрыццё адбудзецца 18 кастрычніка, а 17-й гадзіне. Праект ажыццяўляецца ў супрацоўніцтве з Акадэміяй мастацтваў г. Катавіцэ, Галерэяй плаката ў Кракаве і Польскім Інстытутам у Мінску.

Польскі плакат дзякуючы арыгінальнасці і тэхнічнаму майстэрству карыстаецца прэстыжам у свеце.
Жарт, метафара, сцэнаграфія — гэта яго распазнавальныя знакі. Плакат — вулічнае мастацтва, але на вуліцах яго жыццё не заканчваецца, пазней ён трапляе ў галерэі і музеі. Феномен польскага плаката, які сягае сваімі каранямі да Маладой Польшчы, а развіўся праз так званую Польскую школу плаката, дазваляе гаварыць пра гэтую форму мастацкага выказвання як пра майстэрства найвышэйшага пілатажу. Сёння ў нас ёсць магчымасць параўнаць працы двух польскіх творцаў плаката, і, што знамянальна, даміноўных сёння ў плакаце жанчын. Абедзве яны з адной навучальнай установы — Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Катавіцах. Акадэмія цяпер, бадай, найбольш адкрытая для розных напрамкаў сучаснага мастацтва, але таксама не забываецца на польскія карані. Выстаўка Монікі Старовіч і Богны Ота-Вэнгжын сведчыць пра моцную пазіцыю польскага плаката, які менавіта ў гэтай навучальнай установе развіваецца абсалютна свабодна.

Моніка Старовіч абрала шлях жывапіснага плаката. Яна займаецца праблемамі, якія хвалююць сучаснае грамадства. Дыяпазон іх вельмі шырокі: пачынаючы ад праектаў, звязаных з Дэкалогам — старым біблейскім законам, які цяпер вельмі важны ў нашым жыцці і філасофіі, да творчасці, цесна спалучанай з нашым штодзённым жыццём, каханнем і эпасам Эраса. Яе лічаць прапагандысткай мастацтва без межаў. Яе плакаты — як каляровыя матылькі, як каляровыя лямпачкі, якія падміргваюць нам інтрыгоўнымі вобразамі. Моніка Старовіч удзельнічала ў многіх выставах і праглядах плаката ў Польшчы і за мяжой. Узнагароды: узнагарода рэктара Сілезскага ўніверсітэта на 17 Біенале польскага плаката (Катавіцэ) 2001; ганаровая ўзнагарода на 9 Міжнароднай біенале тэатральнага плаката (Жэшуў) 2004.

Богна Ота-Вэнгжын — адна з галоўных прадаўжальнікаў найлепшых традыцый польскага плаката. Яе плакаты выходзяць па-за межы адназначнай класіфікацыі, яны знаходзяцца на памежжы графікі, блізкай да ілюстрацыі. Але гэта не звычайныя ілюстрацыі. Гэта добра прадуманая сатырычная гульня, збудаваная на прыгожых, фантастычна сканструяваных калажах, у якіх ёсць гумар, іронія, метафара. Яна выкарыстоўвае тэхніку калажа, спалучаючы паміж сабой элементы з даўніх графічных прац, гравюр і ілюстрацый са сваімі ўласнымі працамі, што дае дзівосны эфект сувязі гісторыі і сучаснасці. Сваімі амаль сюррэалістычнымі кампазіцыямі мастачка набліжаецца да прац такіх мастакоў, як Ян Леніца, Раман Цеслевіч, Францішак Старавейскі ці Даніэль Мруз. Плакаты і ілюстрацыі Богны Ота-Вэнгжын некалькі разоў былі ўзнагароджаныя ў Польшчы і на міжнародных форумах: на IV Фестывалі плаката ў Кракаве (2002), сатырычным конкурсе «З Еўропы да Еўропы» (2002), Біенале грамадска-палітычнага плаката ў Асвенцыме (2006), Міжнароднай біенале графічнага дызайну «Golden Bee» у Маскве (2006).

Выстава працягнецца да 6 лістапада 2011.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0