Прэм'ера: Пінігін паставіў «Ноч на Каляды» Гогаля
У спектаклі будуць занятыя Хітрык і Зелянкоўская.
Мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін паставіў Тэатральную фантазію ў 2-х дзеях «Ноч на Каляды» па знакамітых творах Мікалая Гогаля (пераклад Ігара Скрыпкі, сцэнаграфія — Зіновія Марголіна, мастак па касцюмах — Аляксандра Палідзі, кампазітар — Андрэй Зубрыч, балетмайстар — Мікалай Рэутаў).
«Цуды, дзівы, нечуваныя прыгоды, палёты з Дзіканькі ў Пецярбург, песні і скокі, д’яблавы выбрыкі і вялікае каханне — усё гэта тут, у каляднай феерыі паводле аднаго з самых славутых твораў Мікалая Гогаля.
Рэжысёр спектакля Мікалай Пінігін па-майстэрску стварыў сапраўды захапляльнае відовішча, дзе атмасфера народнага карнавалу не можа пакінуць абыякавым нікога з гледачоў», — гаворыцца ў караценькай анатацыі на сайце Купалаўскага.
У спектаклі будзе занятая ўся краса і сіла тэатра:
Аксану будуць граць Ганна Хітрык і Святлана Зелянкоўская, Чорта — Павел Харланчук-Южакоў, Салоху — Аўгіння Кульбачная і Вольга Няфёдава, Чуба — Сяргей Журавель, Кума — Павел Яскевіч ці Мікалай Кірычэнка.
Прэм’ера «Ночы на Каляды» адбудзецца 2 і 3 лістапада на сцэне Дома афіцэраў.
Яшчэ можна замовіць квіткі ў інтэрнэце і купіць у распаўсюднікаў.
28 тыс. за квіток — гэта амаль дарма.
АГ
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ