20 кастрычніка ў Кіеве адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця помніка Уладзіміру Караткевічу.

У мерапрыемстве возьмуць удзел міністр культуры Беларусі Павел Латушка
і міністр культуры Украіны Міхаіл Кулыняк, дзеячы культуры і мастацтва Беларусі і Украіны.

Помнік Уладзіміру Караткевічу паставілі яшчэ 14 красавіка.

Знаходзіцца ён ля Пасольства Беларусі па вуліцы Кацюбінскага, 3.
20 кастрычніка адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця помніка.

На цырымоніі плануецца выступ ансамбля «Купалінка» Белдзяржфілармоніі.

З нагоды адкрыцця помніка ў Нацыянальным кіеўскім універсітэце

будзе прэзентаванае спецыяльнае выданне кнігі Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» на чатырох мовах — беларускай, рускай, украінскай, англійскай,
прымеркаванае да 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, якое адзначалася ў 2010 годзе. У прэзентацыі прымуць удзел старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, намеснік старшыні Рэспубліканскага савета па справах культуры і мастацтва Анатоль Бутэвіч.

Помнік створаны беларускімі скульптарамі Канстанцінам Селіханавым, Алегам Варвашэнем і архітэктарам Аляксандрам Корбутам.

Фінансаванне работ па стварэнні помніка ажыццяўлялася за кошт сродкаў рэзервнага фонду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Работы па ўсталяванні помніка ў Кіеве і добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі ажыццяўляліся за сродкі кіеўскай мэрыі.

Жыццё і творчасць Уладзіміра Караткевіча былі цесна звязаныя з украінскай зямлёй. У 50-я гады ХХ ст. пісьменнік вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, працаваў настаўнікам на Кіеўшчыне. Знакаміты нарыс пісьменніка «Зямля пад белымі крыламі» ўпершыню пабачыў свет на ўкраінскай мове. У сваіх шматлікіх мастацкіх творах і літаратуразнаўчых артыкулах Уладзімір Караткевіч звяртаўся да ўспамінаў пра жыццё на Украіне, даследаваў творчасць Тараса Шаўчэнкі, Лесі Украінкі, Івана Франка і іншых пісьменнікаў Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?