Прэм’ер-міністру Расіі Уладзіміру Пуціну спадабаўся артыкул Аляксандра Лукашэнкі ў газеце «Ізвестія».

«Так, чытаў артыкул, ён мне вельмі спадабаўся. Гэта яшчэ раз пацвярджае настрой беларускай дзяржавы і кіраўніцтва Беларусі на развіццё інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы», — заявіў Пуцін 19 кастрычніка ў Санкт-Пецярбургу на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэнняў кіраўнікоў урадаў краін ЕўрАзЭС і Мытнага саюза (цытата па стэнаграме на сайце ўрада РФ).

На думку расійскага прэм’ера, Лукашэнка ясна і выразна паказаў перавагі, якія атрымлівае эканоміка ў выпадку рэалізацыі інтэграцыйных планаў, і ён з гэтым аналізам цалкам згодны.

«Згодзен таксама і з тым, што гэтыя працэсы не маюць нічога супольнага з бягучай палітычнай кан’юнктурай ў нашых краінах, у тым ліку і з палітычнай кан’юнктурай у Расіі — маю на ўвазе перадвыбарную сітуацыю, — сказаў прэм’ер-міністр РФ. — Гэтыя ідэі абмяркоўваліся з канца 1990-х гадоў, з сярэдзіны 1990-х гадоў, з 1994 года. Рэальна мы пачалі працаваць над гэтым ужо ў пачатку 2000-х гадоў, так што гэта ніяк не прывязана да бягучага палітычнага парадку дня ў нашых краінах, у тым ліку і у Расіі».

«Безумоўна, згодзен таксама і з пазіцыяй артыкула ў той частцы, дзе гаворыцца пра тое, што толькі аб’яднанне на дзяржаўна-роўных правах могуць прывесці да таго, што ўсе краіны будуць працаваць з поўнай аддачай і будуць працаваць не за страх, а за сумленне, як кажуць», — адзначыў Пуцін.

«Але трэба сказаць, што ў гэтым напрамку мы і дзейнічаем, — падкрэсліў ён. — Вось цяпер толькі, літаральна некалькі хвілін таму кіраўнік «Газпрома» далажыў мне аб тым, што фактычна скончыліся перамовы па «Белтрансгазу».
Мы фактычна выходзім на новыя дамоўленасці з Беларуссю ў нашым энергетычным супрацоўніцтве. І цэны з наступнага года будуць іншыя, гэта будуць цэны нават ніжэйшыя за роўнапрыбытковыя цэны ў мытнай прасторы, у мытных краінах. Маецца на ўвазе і ўжыванне так званай інтэграцыйнай зніжкі. Мы паступова будзем рухацца да роўнапрыбытковых цэнаў, яны будуць пасля гэтага паволі падвышацца. Я зараз не гатовы сказаць аб канчатковых параметрах: гэта пытанне, якое будзе вырашана ў тым ліку на сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін, што павінна адбыцца ў бліжэйшы час».

«І, нарэшце,

мяне парадавала, я звярнуў увагу на некаторыя змены, трансфармацыю светапогляду Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Я ведаю яго як перакананага атэіста. Ён там на Біблію спасылаецца…
Гэта, на мой погляд, вельмі добры, пазітыўны момант, які кажа аб тым, што ў нас адбываецца збліжэнне не толькі ў сферы эканомікі, але і ў духоўнай сферы», — рэзюмаваў Пуцін.

Артыкул Лукашэнкі «Аб лёсах нашай інтэграцыі» быў апублікаваны ў «Ізвестіях» 17 кастрычніка — у адказ на артыкул Пуціна «Новы інтэграцыйны праект для Еўразіі — будучыня, якая нараджаецца» ў нумары ад 4 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?