28 кастрычніка суд адмовіўся выклікаць у якасці сведак супрацоўнікаў спецпадраздзялення МУС «Алмаз», якія затрымлівалі 12 красавіка на арандаванай кватэры на вуліцы Караля Дзмітрыя Канавалава, Уладзіслава Кавалёва і Яну Пачыцкую як падазроных у выбуху ў мінскім метро.

З хадайніцтвам аб іх выкліку напярэдадні да суда звяртаўся пацярпелы Самвел Саакян. Суддзя Аляксандр Федарцоў абвясціў адмову Вярхоўнага суда, нічым яе не матываваўшы. Саакян запатрабаваў матываванага адказу, а не атрымаўшы яго, заявіў, што гэта «парушэнне працэсуальнага заканадаўства».

Сёння ж суд адмовіў адвакату Уладзіслава Кавалёва Станіславу Абразею ў пакадравым праглядзе відэазапісаў сістэм назірання, устаноўленых на станцыях метро «Фрунзенская», «Купалаўская» і «Кастрычніцкая», і ў выкліку ў суд у якасці сведак спецыялістаў, якія адказваюць за працу сістэм відэаназірання ў Адміністрацыі прэзідэнта і ГУУС Мінгарвыканкама. Аднак будуць выкліканы ў суд аналагічныя спецыялісты з Мінскага метрапалітэна.

Па рашэнні Вярхоўнага суда ў якасці сведкі на працэс будзе выкліканы машыніст электрацягніка, які пацярпеў падчас выбуху на станцыі метро «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 года. Абарона абвінавачваных сцвярджае, што гэтая асоба пакуль нават не ўстаноўлена.

Апрача таго, сёння суд разгледзеў пытанне аб няяўцы некаторых сведак. Было вырашана даставіць іх у прымусовым парадку 31 кастрычніка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?