Хуткую выклікалі настаўнікі, калі заўважылі вучаніцу ў калідоры амаль у непрытомным стане. Педагогі аказалі дзяўчынцы першую дапамогу, хоць непадалёк у медпункце вялі прафагляд штатныя лекар і фельчар.

Па словах мамы Ганны, Святланы Фядута, дактары хуткай дапамогі, якія прыехалі па выкліку, вызначылі, што ў дзіцяці ацёк гартані, выкліканы алергічнай рэакцыяй. Святлана не здзівілася, бо дачка даўно пакутуе ад алергіі. Выпадак адбыўся 6 кастрычніка ў сярэдняй школе № 31. Дзяцей тут вучыцца 1400, таму медпункт укамплектаваны і лекарам, і фельчарам. Мама вырашыла дамагчыся адказу, чаму паўстала падобная сітуацыя. Рэзананс, між тым, падняў пытанне якасці аказання меддапамогі ў школах.

Сёння Упраўленне аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама праводзіць праверку па гэтым факце, створана спецыяльная камісія. Пра гэта паведаміла намеснік загадчыка па медыцынскай частцы дзіцячай паліклінікі № 2 (якой падпарадкоўваецца медпункт) Ірына Голуб. Лекар медпункта сярэдняй школы № 31 Алена Кандакова распавяла сваю версію таго, што адбылося. Яна патлумачыла, што выгляд дзіцяці ёй не падаўся хваравітым:

— Нічога падазронага ў стане дзяўчынкі не заўважыла і сказала ёй патэлефанаваць бацькам, — растлумачыла доктар падчас нашай сустрэчы ў СШ № 31.

Калі прыйшла Аня, лекар з фельчарам праводзілі прафагляд, у кабінеце знаходзілася вялікая колькасць дзяцей. Пры гэтым Алена Кандакова настойвае, што, калі дзяўчынцы сапраўды ў калідоры стала дрэнна, ёй пра гэта не паведамілі.

Настаўнікі ў школе ведалі, што Аня пакутуе алергіяй на пахі. Аб гэтым папярэдзілі бацькі. Таму педагогі паведамлялі дзяўчынцы, калі будуць фарбаваць сцены або вокны, каб яна заставалася дома.

У дзень здарэння на ўроку беларускай літаратуры рэпетавалі сцэнку. У гэты час у класе з’явіўся спецыфічны пах гары, крыніца якога настаўніца доўга не магла знайсці. Яна вырашыла, што цягне з вуліцы, і зачыніла форткі. Затым выявілася, што «вінаватая» лямпа, якую ў якасці дэкарацыі прынёс адзін з вучняў.

— Дачка распавяла, што, калі яна выйшла з медпункта, у вачах у яе пацямнела, ногі амаль не ішлі з-за слабасці. У такім стане яе ўбачыла настаўніца і завяла ў кабінет дырэктара, — патлумачыла Святлана Фядута.

Паводле слоў в. а. дырэктара сярэдняй школы № 31 Марыі Сарочык, дзяўчынка ўся дрыжала, яна не магла стаяць, скардзілася на тое, што нічога не бачыць.

— Выклікалі хуткую. Пакуль чакалі, знайшлі ў аптэчцы на вахце супрацьалергічныя лекі, — распавяла Марыя Сарочык.

Яна прызналася, што занепакоеная не толькі гэтым інцыдэнтам, але і рэжымам працы медпункта. З яе слоў, лячэбны кабінет працуе да 16.00, хоць школьнікі вучацца да 18.00. Кабінет бывае «на замку»: часам медыкі ў першай палове дня сыходзяць на планёркі і нарады. З просьбай падоўжыць працоўны дзень медпункта адміністрацыя школы неаднаразова звярталася ў дзіцячую паліклініку № 2. Аднак, як высветлілася, на такую колькасць вучняў паводле штатнага раскладу даюць толькі 0,75 медычнай стаўкі, астатні час (0,25 стаўкі) доктар знаходзіцца ў іншай школе.

Як павінен працаваць персанал школьнага медпункта

Загадчыца дзіцячай паліклінікай № 1 Ірына Луканская курыруе працу лячэбных кабінетаў у школах Ленінскага раёна Гродна. Паводле яе слоў, галоўная праца медпункта заключаецца ў амбулаторным прыёме школьнікаў, гэта значыць у аказанні дапамогі пры скаргах. Затым ідуць планавыя агляды і вакцынацыі. Аптэчкі медпункта ўкамплектаваны усімі неабходнымі прэпаратамі, у тым ліку ад бранхіяльных і астматычных прыступаў.

— Калі дзіця скардзіцца на хваравіты стан, медыкі павінны правесці першасны агляд — памераць ціск, тэмпературу, бо часам бывае, што дзеці сімулююць, каб не хадзіць на заняткі. На падставе агляду прымаецца рашэнне: выклікаць бацькоў або хуткую, — кажа Ірына Луканская. Сама медык не бачыць праблем у нагрузцы, ускладзенай на медпункты, і станоўча адгукаецца аб кваліфікацыі школьных лекараў і фельчараў, але не выключае чалавечы фактар.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?