Афіцыйны старт ініцыятывы адбыўся на Эўрапейскай канфэрэнцыі па пытаньнях роўнасьці магчамасьцяў, што праходзіла 30‑31 студзеня ў Бэрліне.
Ініцыятыва «2007 год – год роўных магчымасьцяў для ўсіх» была заснаваная інстытутамі ЭЗ для барацьбы з дыскрымінацыяй у Эўропе і забесьпячэньня роўных магчымасьцяў для ўсіх пластоў насельніцтва.
«Моц Эўропы – у яе разнастайнасьці», — пракамэнтавала падзею міністарка па справах сям’і Нямеччыны (дзяржавы‑старшыні ЭЗ) Урсула фон дэр Ляйен. «У гэтым годзе мы зьбіраемся агульнымі намаганьнямі зьвярнуць увагу грамадзтва на тэмы роўнасьці магчымасьцяў і разнастайнасьці», — падкрэсьліла фэдэральная міністарка.
Па словах міністаркі, ініцыятыва сканцэнтруецца на чатырох асноўных элемэнтах эўрапейскай антыдыскрымінацыйнай палітыкі: забесьпячэньні якаснай адукацыі і працаўладкаваньня моладзі, падвышэньні ўзроўня сацыяльнай інтэграцыі пажылых людзей, барацьбе з дыскрымінацыяй замежнікаў і мігрантаў, а таксама падвышэньні ролі жанчынаў у грамадзтве.
Ініцыятыва прадугледзіць правядзеньне шэрагу канфэрэнцыяў, сэмінараў і іншых падзеяў, зьвязаных з пытаньнямі роўнасьці магчымасьцяў, арганізацыю шэрагу дасьледваньняў, прысьвечаных асноўным праблемам барацьбы з дыскрымінацыяй у ЭЗ, маніторынг вынікаў нацыянальных і эўрапейскіх палітык.
Паводле нядаўняга агляду Эўрабаромэтра, 64% эўрапейцаў мяркуюць, што дыскрымінацыя застаецца распаўсюджанай зьявай у Эўропе. 51% грамадзянаў ЭЗ лічаць недастатковымі меры, што прымаюцца для барацьбы з дыскрымінацыяй у іх роднай краіне. Большасьць эўрапейцаў падтрымліваюць ажыцьцяўленьне далейшых мераў па барацьбе з дыскрымінацыяй у ЭЗ.
Мінулы год прайшоў пад знакам ініцыятывы «2006 год – год мабільнасьці працоўных у ЭЗ». Больш падрабязна





