Тры днi i тры ночы доўжылася спатканне Аляксандра Казулiна з жонкай i дочкамi. Месцам сустрэчы яны вымушаны былi абраць iнтэрнат калонii «Вiцьба 3».

— Адмiнiстрацыя калонii пайшла нам насустрач, — адразу пасля спаткання старэйшая дачка экс‑кандыдата ў прэзiдэнты Вольга Казулiна падзялiлася з «Народнай воляй» сваiмi ўражаннямi. — Па турэмных правiлах, на доўгатэрмiновую сустрэчу могуць прыязджаць толькi двое членаў сям’i, таму што ў пакоi, якi прадастаўляецца ў iнтэрнаце, няма больш месцаў. А мы паехалi адразу ўтрох. У мяне нават не было з сабою пашпарта, i адмiнiстрацыя пагадзiлася прапусцiць мяне на тэрыторыю па вадзiцельскiм пасведчаннi.

— Якое ўражанне засталося ад сустрэчы?

— Выдатнае. Мы гаварылi i не маглi нагаварыцца, шмат гулялi на свежым паветры. Гатавалi тату хатнюю ежу — была такая магчымасць. Частавалi яго i галубцамi з агароднiны i грыбоў, i сырнiкамi з разынкамi, i рыбнымi катлетамi. Ён, канешне, еў мала, але са смакам...

Шкада, што тры днi так хутка праляцелi. Настрой у таты баявы. Мы ўбачылi ранейшага Аляксандра Казулiна, упэўненага ў перамозе дэмакратыi на Беларусi.

— А як адчувае сябе Аляксандр Уладзiслававiч?

— Да апошняга часу справы былi дрэнныя. Фактычна толькi за тры днi да нашай сустрэчы ён пачаў хадзiць. А так быў вымушаны ляжаць — ногi ацякалi, пульс быў вельмi высокi, аналiзы крывi дрэнныя. Турэмны ўрач прапiсаў яму пасцельны рэжым. Тата расказваў, што за час выхаду з галадоўкi пяць разоў знаходзiўся ў крытычным стане — цела скручвалася ад сутаргi, не было моцы цярпець боль, аднойчы нават паказалася, што гэта канец. 16 часоў ён выходзiў з гэтага стану, пiў да 15 лiтраў вады...

Зараз тата выглядае крыху лепей. Хаця ацёкi застаюцца i на нагах, i на руках, i на твары. Пульс таксама захоўваецца высокi i няўстойлiвы.

— Ад кансультацыi ўрачоў ён усё роўна адмаўляецца?

— У калонii тату аглядае турэмны ўрач. Да 15 лютага яму працягнулi пасцельны рэжым, потым будуць рабiць аналiзы крывi i вырашаць, як далей утрымлiваць зняволенага Казулiна. У Мiнск, у Рэспублiканскi турэмны шпiталь, тата па‑ранейшаму адмаўляецца ехаць, таму што не давярае ўрачам. Ён кажа, што лепшы выхад з галадоўкi — гэта яднанне з прыродай, свежае паветра, сонца.

— Але i харчавацца трэба па правiлах...

— Тата кажа, што арганiзм сам падказвае, што яму трэба. Аднойчы захацелася часночнага соку, i ён выпiў яго, разбавiўшы з сокам морквы.

— Адвакат Дзмiтрый Гарачка пасля сустрэчы з Аляксандрам Казулiным расказаў, што з боку адмiнiстрацыi калонii на яго падабароннага аказваецца цiск. А Вам тата што‑небудзь расказваў пра гэта?

— Казаў, што ў адмiнiстрацыі ёсць такія, хто прыдзiраецца да яго за розныя дробязi, выносiць надуманыя спагнаннi за парушэнне рэжыму. Адным словам, ёсць праблемы. Але, як падкрэслiў тата, яны вырашаюцца ў рабочым парадку.

— А з «сакамернiкамi» як адносiны складваюцца?

— Нармальна. На дзень народзiнаў тата запрасiў 11 чалавек. Мы з мамай пажартавалi i назвалi iх групай падтрымкi. Нiхто нiякiх наўмысных правакацый у дачыненнi да таты не рабiў...

— Вольга, як думаеце, стан таты пасля гэтай сустрэчы палепшыўся?

— Тое, што яму маральна стала лягчэй, безумоўна. Хаця, калi развiтвалiся, мы з Юляй не стрымалi слёз...

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?