Памаранчавы, або жоўты, або ржавы сьнег з оліўнымі плямамі й затхлым пахам выпаў у Томскай, Омскай і Цюменскай абласьцях Расеі.
«Сьнег не нясе небясьпекі для людзей. Сьнег мае перавышэньне мэталу ў чатыры разы і з‑за акісьленьня набывае такі колер. Хутчэй за ўсё, гэта прадукт мэталюргіі», — сказаў кіраўнік МНС Расеі па Цюменскай вобласьці.
Эколягі ўстурбаваныя: «У кожным разе, нічога добрага насельніцтву тых раёнаў, дзе выпаў сьнег з жоўтым адценьнем, няма,» — сказаў у пятніцу член‑карэспандэнт расейскай акадэміі навук Аляксей Яблакаў. «Хутчэй за ўсё, гэта могуць быць выкіды з нафтапераперацоўчых прадпрыемстваў альбо з заводаў па вытворчасьці мінэральных угнаеньняў. Штосьці такога кшталту. Гэта прыкмета вельмі дрэннай ачысткі выкідаў альбо якіх‑кольвек аварый на прадпрыемствах,» — сказаў Яблакаў.
Эколяг паведаміў, што, паводле ягонай ацэнкі, «наступствы выкідаў бываюць доўгатэрміновымі, яны могуць выявіцца праз адзін‑два гады, нават празь пяць гадоў, і адбіцца на здароўі дзяцей і дарослых». «Трэба тэрмінова праводзіць глыбокія аналізы і прымаць прафіляктычныя захады, у тым ліку па ачыстцы пітной вады», — сказаў Яблакаў.
Гэта ня першы памаранчавы сьнегапад у Расеі. Летась каляровыя сумёты намяло на Сахаліне і ў расейскім Прымор’і. Тады гэта сьпісалі на пяскі Манголіі, празь якую цыклён ішоў на Расею.
А ў амэрыканскім Каларада леташняй вясной выпаў сьнег ружовага колеру. Самыя цікаўныя паспаталі яго — на смак сьнег быў падобны да кавуна. Такі колер надалі сьнегу мясцовыя водарасьці, якія вырабляюць чырвоны пігмэнт і бясьпечныя для спажываньня, вядома, ва ўмераных дозах.
Фота lenta.ru





