Радыё «Свабода» ўзяло інтэрв’ю ў лідаркі руху Femen Ганны Гуцал. Дзяўчаты даўно прыцягваюць увагу да розных праблем сваімі правакатыўнымі перформансамі. Але ўпершыню яны правялі сваю акцыю ў дыктатарскай краіне. І вынік — актывісткі зніклі. Спачатку ім удалося ўцячы з-пад КДБ, дзе яны правялі свой смелы хэпенінг. КДБісты найперш кінуліся затрымліваць журналістак з вялікімі камерамі, каб знішчыць фотаматэрыялы. Імаверна, Femen-істак высачылі пазней па мабільным тэлефоне, на які яны прынялі тэлефанаванне ад журналіста Еўрарадыё. Пакуль невядома, дзе яны. Начальнік Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Аляксандр Антановіч назваў акцыю «грубай спланаванай правакацыяй».

— Як у актывістак руху зьявілася думка правесьці акцыю ў Беларусі?

— Мы вельмі сябруем зь беларусамі-апазыцыянэрамі, якія жывуць у Кіеве, часта ходзім на іх пасяджэньні, прагляды фільмаў, і мы шчыра пранікліся ідэяй вызваленьня беларускага народу ад дыктатара, і ў нас нават сфармавалася асобная фракцыя Фэмэн — прыхільнікаў беларускага народу. Мы доўга спрачаліся і прынялі рашэньне, што павінны падтрымаць беларускі народ ня проста ў Кіеве, а павінны паехаць у Менск, каб паказаць народу Беларусі, што трэба змагацца, што нельга баяцца, што нават мы, дзяўчаты з Украіны гатовыя прыяжджаць да вас і пратэставаць супраць Лукашэнкі.

— Дзяўчаты, якія сёньня наладзілі акцыю каля будынку КГБ у Менску — Аляксандра Нямчынава, Аксана Шацько і Іна Шаўчэнка — наколькі яны ўсьведамлялі рызыку, да якой рэакцыі беларускіх уладаў яны былі гатовыя?

— Ехалі самыя правераныя байцы, дзяўчаты, якія ведалі, што могуць быць праблемы, што можна адсядзець суткі, могуць быць фізычныя калецтвы. Паехалі тыя, хто гатовыя былі пацярпець, калі б такое здарылася. Але людзі верылі, што сваёй акцыяй яны натхняць беларускі народ не баяцца, абараняць сваю волю.

— Часам на адрас руху Фэмэн можна пачуць крытыку, што ў яго няма ніякай ідэалёгіі, ніякага зьместу, а толькі формы-то бок прывабная форма пратэсту, але супраць чаго пратэставаць — ня так важна. Наколькі апраўданая такая крытыка?

— Гэта кажуць зласьліўцы, якія наогул супраць жаночых пратэстаў, а тым больш — топлес-пратэстаў. Наша галоўная ідэалёгія — што ў справе вызваленьня жанчыны ў патрыярхальным сьвеце трэба быць максымальна радыкальнымі, і толькі топлес-пратэст можа ўзбурыць гэты патрыярхальны сьвет, і таму мы лічым, што мы на слушным шляху. Жаночая рэвалюцыя павінна зьдзейсьніцца, і яна павінна праходзіць менавіта ў топлес-фармаце: чым больш радыкальна, тым больш эфэкту ад нашых дзеяньняў. У нас — ідэалёгія вызваленьня жанчыны, свабоды і дэмакратыі ва ўсіх краінах, мы гатовыя дапамагаць людзям ва ўсіх краінах. Нам пішуць людзі з Бразыліі, зь Беларусі. Фэмэн — дастаткова моцны ідэалягічны рух, у адрозьненьне ад тых жа украінскіх партыяў, у якіх адна ідэалёгія — выбіваньня «бабла» з украінскага народу.

— Тое, што вы выкарыстоўваецца аголенае цела — ці не спрыяе пашырэньню гэндэрных стэрэатыпаў, што жанчына гэта найперш сэксуальны аб’ект?

— Наадварот: гэндэрны стэрэатып — што жанчына сэксуальны аб’ект, які павінен быць схаваны пад вопраткай, і што жаночае цела належыць мужу, рэклямнаму бізнэсу, сэкс-індустрыі. Мы хочам паказаць што цела жанчыны перадусім належыць ёй і грамадзянскай барацьбе.

— Як вы дамаўляецеся пра нейкія акцыі — ці узгадняюць актывісткі свае ідэі з астатнімі, ці ёсьць у вас нейкі штаб?

Па-першае, мы заўсёды прымаем рашэньні калектыўна, у нас ёсьць асноўны склад арганізатараў, вядома, тут павінна быць добрая воля актывістаў, якія будуць удзельнічаць у акцыі. Ніхто недобраахвотна не ўдзельнічае. Прынцып адбору тэмы залежыць ад фінансавых магчымасьцяў — ці можам мы выехаць у нейкую краіну. Калі б у нас былі большыя магчымасьці, мы б прысутнічалі амаль у кожнай краіне сьвету.

— Ці ёсьць адчуваньне, што ў некаторых грамадзтвах такія пэрформансы, як у вас, могуць наадварот адштурхнуць больш людзей ад вашых ідэяў, чым прыцягнуць, прывабіць?

— Не, мы праводзілі акцыю ў абарону іранскіх жанчын, у абарону жанчыны, якую зьбіраліся забіць камянямі за здраду памерламу мужу, мы зрывалі дні іранскай культуры ў Кіеве, топлес, і мы атрымалі вялікую колькасьць лістоў удзячнасьці з Ірану: пісалі і званілі і мужчыны, і жанчыны. Чым больш паняволены народ, тым больш ён гатовы прымаць радыкальную падтрымку, і для яго ня мае значэньне, топлес ты выйшаў альбо не — ім важна, што ты іх падтрымліваеш. І калі ёсьць розгалас у прэсе, гэта мае для іх значэньне.

— Што б вы адказалі тым, хто кажа, што Фэмэн робіць сабе рэкляму, каб пасьля зарабляць на пратэстах грошы?

— Няхай знойдзецца хаця б нехта, хто пацьвердзіць, што Фэмэн за нейкія акцыі прасіў ці браў грошы. Мы — незалежны рух і не зарабляем на акцыях, мы грамадзянскі рух, зарабляем сваімі магчымасьцямі, сваёй крамай, дзякуючы дабрачынным унёскам.

— Якая рэакцыя на вашы акцыі здаецца вам найбольш прадуктыўнай? Пасьля сёньняшняй акцыі ў Менску — на які эфэкт вы разьлічвалі?

— Па-першае, у Кіеве нам выказваюць удзячнасьць вельмі шмат беларусаў, і людзі пішуць нам і ў сацыяльных сетках, і гэта той вынік, які мы хацелі пабачыць. Многія пішуць: «Дзякуй вам за сьмеласьць, і нам павінна быць сорамна за тое, што мы баімся». Хаця мы разумеем, што мы — грамадзян іншай краіны, і ў нас большая бясьпека, а са сваім народам Лукашэнка можа зрабіць усё што заўгодна.

— Ці можна чакаць ад вашага руху бліжэйшым часам яшчэ нейкіх акцый у падтрымку Беларусі?

— Думаю, так. Мы хочам і надалей працягваць змаганьне з рэжымам Лукашэнкі, мы будзем і надалей працягваць дэманстраваць ягоную блазенскую прыроду і казаць пра тое, што ягоныя неадэкватныя дзеяньні могуць прывесьці да катастрофы Беларусь — ад грамадзянскай вайны да захопу Расеяй. І таму мы будзем дапамагаць змагацца беларускаму народу за дэмакратыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?