Сёньня ў Менску прайшла прэс‑канфэрэнцыя надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Літвы ў Беларусі Эдмінаса Багдонаса. Учора сп.Багдонас уручаў даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку. Пасол зазначыў, што ён сказаў Лукашэнку, што прыехаў у Беларусь з цэлым шэрагам розных праектаў. Прэзыдэнт заявіў амбасадару, каб пры патрэбе той званіў у любы час. Спадар Багдонас, праўда, не наважыўся папрасіць нумар мабільнага тэлефону Лукашэнкі.

Літоўскі пасол шмат жартаваў, расказваў пра асабістае жыцьцё. Ён пераехаў у Менск разам з жонкай і 8-гадовым сынам (ёсьць яшчэ 19-гадовая дачка). Жонка з Кіева, з гэтай нагоды пасол пажартаваў, што працягвае традыцыі вялікіх князёў Вітаўта і Альгерда, ажаніўшыся са славянкай.

Сп. Багдонас адзначыў, што літоўскія прадпрымальнікі і бізнэсоўцы зацікаўленыя ў інвэставаньні ў беларускую эканоміку. «Мы хочам быць першымі тут у Беларусі ў гэтай сфэры». Але Літва гатова ўкладваць у Беларусь грошы толькі ў тым выпадку, калі атрымае гарантыі ад афіцыйнага Менску.

Слова «першая» ў дачыненьні да Беларусі з вуснаў пасла гучалі сёньня не адзін раз. Таксама ён казаў пра тое, што Літва хацела б першай пачуць ад беларускага боку канкрэтных прапановаў у справе нармалізацыі адносінаў з Эўропай. «У такім выпадку Літва гатовая стаць адвакатам Беларусі ў Брусэлі». Багдонас гаварыў, што неразумна адмаўляцца ад прапановаў Эўракамісіі. За грошы, якія Беларусь выйграе ад гэтага, на думку пасла, можна было б рэстаўраваць старую Горадню ці што‑небудзь яшчэ. «Нашто гэта рабіць за беларускія грошы, калі можна за эўрапейскія?» — пытаўся дыплямат.

Таксама Эдмінас Багдонас паведаміў, што ў Літве зараз актыўна ідзе абмеркаваньне прапановаў прэзыдэнта Адамкуса, якія ён выказаў у Вашынгтоне, адносна таго, што Літва гатовая прадставіць Беларусі свае нафтавыя тэрміналы ў Клайпедзе. Ня выключана, што бліжэйшым часам літоўскі бок афіцыйна выйдзе з гэтай прапановай на Менск. У гэтым выпадку гаворка ня ідзе пра пабудовы трубаў, а пра транзыт нафты чыгуначным шляхам.

У Літве зараз праходзіць абмеркаваньне пабудовы разам з Латвіяй, Эстоніяй і Польшчай атамнай станцыі. Спадар пасол сказаў, што калі Беларусь разам з гэтымі краінамі будзе замаўляць у французаў пабудову энэргаблёкаў, то краіны могуць атрымаць істотныя зьніжкі. «Мы папросім у французаў 50% зьніжак, столькі, канечне, не дадуць, але 30% даць мусяць. Гэта будзе выгадна ўсім».

Спадар пасол выказаў упэўненасьць, што за час ягонай дыпляматычнай службы ў Менск істотна павысіцца таваразварот між нашымі краінамі. За апошні год таваразварот склаў толькі $600 млн. Таксама ён выказаў неразуменьне, чаму пры літоўскім пасольстве акрэдытавана 150 беларускіх турыстычных фірмаў, бо ён ня бачыць такога патоку турыстаў зь Беларусі. Бліжэйшым часам пасольства мае правесьці праверку ўсіх гэтых фірмаў. Ніякіх зьменаў у атрыманьні літоўскіх візаў не чакаецца. Штогод пасольства выдае звыш ста тысяч візаў беларускім грамадзянам.

Спадар Багдонас увесь час падкрэсьліваў, што мы маем супольную гісторыю і выказаў захапленьне выданьнем энцыкляпэдыі ВКЛ па‑беларуску. Ён адзначыў, што ў Літве няма такой кніжкі. Карэспандэнту «НН» Эдмінас Багдонас паабяцаў праз паўгоду даць інтэрвію на добрай беларускай мове.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?