Энэргетычная палітыка ЭЗ можа стаць пачаткам новай прамысловай рэвалюцыі, лічыць камісар Пібалгс

Спосабам вырашэньня цяперашніх праблемаў, што ўзьнікаюць перад эўрапейскай энэргетычнай палітыкай, быў прысьвечаны даклад Эўрапейскага Камісара па энэргетычных пытаньнях Андрыса Пібалгса, агучаны 7 лютага на брусэльскім сэмінары «Энэргетычныя выклікі Эўропы».

Па словах Камісара, пры захаваньні цяперашніх тэндэнцыяў да 2030 г. сусьветны ўзровень спажываньня энэргіі павялічыцца на 50%. Узровень выкідаў CO 2 павысіцца на 55%, а 65% энэргетычнага попыту ЭЗ будзе забясьпечвацца за кошт імпарту.

«Патэнцыйныя наступствы гэтых тэндэнцыяў для нашай эканомікі сур’ёзныя», — адзначыў Камісар. Неабходнасьць неадкладных дзеяньняў «зьяўляецца маральным і эканамічным абавязкам, а не адной з магчымых альтэрнатываў».

Значная ўвага Камісара была прысьвечаная Інтэграванаму пакету дзеяньняў, накіраваных на рэфармаваньне энэргетычнага сэктара ЭЗ. Пакет, апублікаваны Камісіяй 10 студзеня, прадугледжвае:

А) рэфармаваньне ўнутранага энэргетычнага рынка ЭЗ, які, на думку Камісіі, павінен стаць меньш фрагмэнтаваным і грунтавацца на прынцыпах свабоднай канкурэнцыі;

Б) умацаваньне салідарнасьці дзяржаваў‑членаў ЭЗ пры вырашэньні праблемаў імпарту энэрганосьбітаў у Эўропу;

В) павышэньне ўзроўню энэргаэфэктыўнасьці эканомікі ЭЗ, у прыватнасьці выкананьне Пляна дзеяньняў, згодна зь якім да 2020 г. узровень спажываньня энэргіі ў ЭЗ павінен скараціцца на 13%;

Г) павышэньне долі ўзнаўляльных крыніцаў энэргіі (у 2020 г. іх доля ў структуры энэргетыкі ЭЗ павінна складаць 20%);

Д) стымуляваньне навуковых дасьледваньняў у сфэры чыстай энэргетыкі;

Е) маштабнае скарачэньне выкідаў СО 2 у паліўнай энэргетыцы, у прыватнасьці укараненьне тэхналёгіяў паглынаньня і захоўваньня CO 2 на эўрапейскіх ЦЭЦ;

Ж) збалянсаванае разьвіцьцё ядзернай энэргетыкі, пры якім скарачэньне долі ядзернай энэргетыкі ў асобных дзяржавах ЭЗ павінна кампэнсавацца эквівалентным разьвіцьцём іншых тэхналёгіяў зь нізкім узроўнем выкідаў СО 2 .

Меры, прапанаваныя Камісіяй, накіраваныя на дасягненьне ключавой мэты: да 2020 г. эўрапейскі ўзровень выкідаў парніковых газаў павінен зьнізіцца на 20% у параўнаньні з 1990 г. Згодна з доўгатэрміновымі плянамі Камісіі, да 2050 г. ён павінен скараціцца на 60‑80% адносна паказчыкаў 1990 г.

Прапанаваныя меры азначаюць «паступовае пераўтварэньне Эўропы ў эканоміку з высокім узроўнем энэргаэфэктыўнасьці і нізкім узроўнем выкідаў СО 2» — лічыць Андрыс Пібалгс.

На думку Камісара, падобная палітыка можа азначаць пачатак «новай прамысловай рэвалюцыі». Больш падрабязна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0