Мілінкевіч даў некалькі сыгналаў. Першы – дзяржаўнаму апарату: ён партнёр, гатовы да канструктыўнай працы. Другі - Захаду: ён здольны аналізаваць сытуацыю, прымаць неардынарныя рашэньні. Трэці — цяпер — Плошчы. Піша Аляксандар Фядута.

Адбылося заканамернае.

Учорашні «адзіны кандыдат», як карабель, спушчаны паўтара году таму са стапэляў Кангрэсу дэмакратычных сілаў, нарэшце зразумеў, што адзіна магчымае яго прызначэньне — вольнае плаваньне. Аляксандар Мілінкевіч адмовіўся ад удзелу ў мерапрыемстве сумнеўнай легітымнасьці, безумоўна марным і непатрэбным. Заплянаванае ўскладненьне сыстэмы прыняцьця палітычных рашэньняў, ператварэньне таго, хто яшчэ нядаўна быў сымбалем усяго дэмакратычнага руху, у вартую жалю марыянэтку групы менскіх палітычных тусоўшчыкаў — вось адзіна магчымы вынік будучага форуму.

Удзел Мілінкевіча ў Кангрэсе прывёў бы да легітымацыі Кангрэсу ў вачах Захаду і адначасова зьвёў бы яго самога назаўсёды зь беларускай палітычнае сцэны. Як сыходзілі іншыя яе акторы, якія сталі закладнікамі партыйнага статусу ці ягонай адсутнасьці, часам нават больш яркія, але пазбаўленыя мужнасьці й рашучасьці.

Крок, зроблены Мілінкевічам, — крок рашучага чалавека. Чалавека, які нарэшце зразумеў, што прафэсійная палітыка — гэта не бюракратычная працэдура.

Да гэтага часу такія крокі дазвалялі сабе тры чалавекі.

Адзін зь іх стаў прэзыдэнтам Беларусі.

Другі зьнік бязь зьвестак.

Трэці знаходзіцца ў турме.

Мілінкевіч за апошні час даў некалькі сыгналаў. Першы – дзяржаўнаму апарату: ён, магчыма, і будзе партнёрам, падрыхтаваным да канструктыўнай працы. Другі – Захаду: ён здольны аналізаваць сытуацыю, прымаць неардынарныя рашэньні. Трэці даў — цяпер — Плошчы. Той Плошчы, якая год таму арганізавалася сама па сабе, безь ягоных высілкаў, хоць і па яго закліку. Той Плошчы, якая за год не пабачыла ў ім адзінага лідэра, але захавала вернасьць яму як штандару. Той Плошчы, якой ён быў патрэбны.

Бо ён болей нікому ня быў патрэбны.

Каму? Партайгеносэ, якія звыкліся болей займацца інтрыгамі, чым палітыкай? Ён ім замінаў.

Але ж да нядаўняга часу яны былі ўпэўненыя, што менавіта яны яго стварылі, зьляпілі ў Кангрэсе з таго, што трапіла пад руку? Што ён ім абавязаны ўсім? Што бязь іх ён — ніхто?

Быў бы — ніхто. Калі б пагадзіўся гуляць па чужых правілах, у чужую, а не ва ўласную гульню.

І разам зь Мілінкевічам сышла б са сцэны Плошча.

Цяпер яна мае свой рух — Рух «За свабоду», – на чале якога знаходзіцца Аляксандар Мілінкевіч. У яго могуць уступіць сябры ўсіх партый.

Гэта датычыцца ўсіх партыяў — акрамя адной. Я маю на ўвазе сацыял-дэмакратаў. Несумленна было б адмовіцца быць чальцом у партыі, лідэр якой знаходзіцца за кратамі за палітычную дзейнасьць. Аляксандар Казулін — той лідэр, які мусіць застацца другім палітычным апанэнтам улады. А калі яны зь Мілінкевічам абодва апынуцца на волі — яны як-небудзь дамовяцца. Ці не дамовяцца. Але мы атрымаем двух моцных лідэраў на чале двух моцных палітычных структур — правай, на чале зь Мілінкевічам, і левай, на чале з Казуліным.

У нас таксама павінен быць выбар.

Але ў Мілінкевіча няма выбару. Карабель, спушчаны з стапэляў, можа альбо ісьці ў мора, альбо гнісьці на беразе.

Спадарожнага ветру Аляксандру Мілінкевічу!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?