— О! Біблія! Ці дасі пачытаць?
Сіценцы, якія ўпершыню заходзяць да мяне ў госьці, адразу цягнуцца да беларускай Бібліі на стале. Рэфлекс, неаднойчы заўважаў, амаль аднолькавы: працягваюць руку ўзяць, потым, бы апякліся, убіраюць пальцы й глядзяць з багавейным страхам: а ўвогуле можна?..
Сьвятое Пісьмо ў гэтых краёх — вялікая рэдкасьць. У сяго‑таго захаваліся кішэнныя Новыя Запаветы па‑расейску, выдадзеныя «Гедэонавымі братамі» ды распаўсюджаныя яшчэ ў пачатку 1990‑х. Беларускай Бібліі, натуральна, няма ані ў школьнай бібліятэцы, ані ў сельсавецкай, ані ў людзей.
Ці мог падумаць Францішак Скарына, які 500 гадоў таму вучыўся ў найлепшых эўрапейскіх унівэрсытэтах з мараю даць свайму народу Кнігу Кнігаў, што ў век небывалага тэхнічнага прагрэсу, калі беларуская паліграфія будзе друкаваць тых кнігаў штогод па 50 мільёнаў асобнікаў, — знайсьці Біблію на роднай мове на Полаччыне будзе яшчэ цяжэй, чым тады!
Даю вяскоўцам чытаць — і Біблію, і Новы Запавет у розных перакладах. Адразу пытаньні: «А якая зь іх сапраўдная? Тут «Віфляем», тут «Бэтлеем», тут «блаславі», тут «дабраславі», тут Ісус кажа спаралізаванаму «Вер», а тут — «Мацуйся», тут зь мяккімі знакамі, а тут — бязь іх…» Спрабую тлумачыць, што сэнс ня ў гэтым , проста розныя традыцыі… Не разумеюць: «Пачакай, дык Бог жа адзін?» «Так». «І Біблія адна?» «Ну так…» «І беларуская мова ж адна?» Адна, дарагія мае…
І вось Юрась, эвангельскі хрысьціянін з Баранавічаў, піша, што яны хацелі б зрабіць і памножыць аўдыёзапіс Эвангельля па‑беларуску… дык які варыянт браць за аснову?
Пэўна, яшчэ больш засмуціла б беларускага першадрукара тое, што дагэтуль няма адзінай беларускай Бібліі. Уладальнікі беларускага Сьвятога Пісьма ў касьцёле, царкве ці малітоўным доме карыстаюцца рознымі перакладамі ўнутры кожнай з канфэсіяў. Зьвярнуў увагу на супольнай малітве на сходзе Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі: нават «Ойча наш» беларусы спавядаюць у трох ці чатырох адрозных варыянтах.
Пытаньне, вартае не адной навуковай канфэрэнцыі: ці лічыць беларускай Бібліяй увесь ансамбль ужо выдадзеных тэкстаў (і тады застаецца прызнаваць ягонай вартасьцю багацьце формы ды поўны спэктар адценьняў зьместу), ці спрабаваць‑такі зьвесьці праваслаўныя, каталіцкія й пратэстанцкія пераклады на беларускай у адно?
Цяпер вядома ня менш дзесяці перакладаў Бібліі або яе асобных кнігаў на беларускую мову.У 1517—1525 г. Францішак Скарына, як лічаць дасьледчыкі, пераклаў усю Біблію і надрукаваў большую частку яе кнігаў — і гэта была трэцяя ў сьвеце друкаваная Біблія на жывой мове народу.
Каля 1570 г. у сваёй вандроўнай друкарні выдаў Эвангельлі паводле Мацьвея й Марка Васіль Цяпінскі.
Толькі больш як праз тры з паловай стагодзьдзі, у 1927 г., у баптысцкім выдавецтве «Компас» нарэшце выйшла Эвангельле ў перакладзе на сучасную беларускую Лукаша Дзёкуць‑Малея й Антона Луцкевіча, а ў 1931 г. у Хэльсынгфорсе — увесь Новы Запавет Луцкевіча.
У 1939 г. у Вільні ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі надрукаваў і каталіцкі Новы Запавет па‑беларуску. У 1954 г., выкарыстаўшы пераклад Гадлеўскага, выдаў Эвангельле й Апостальскія Дзеі ў Рыме ксёндз Пётра Татарыновіч. Гэтаксама на эміграцыі былі выдрукаваныя Эвангельле паводле Яна ў перакладзе Яна Пятроўскага і ўся беларуская Біблія пратэстанта Яна Станкевіча.
Яшчэ некалькі перакладаў дала Беларусі найноўшая гісторыя. Напрыканцы ХХ ст. распачала працу адмысловая камісія Беларускага Экзархату РПЦ, якая выдала па‑беларуску Эвангельле. У 2002 г. з дабраславеньня Першагерарха Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Мітрапаліта Мікалая ў ЗША 10‑тысячным накладам выйшла беларуская Біблія ў перакладзе Васіля Сёмухі (тая самая, на якую ў першую чаргу зьвяртаюць увагу сіценцы). Нарэшце, у 2003 г. у Беларускім Біблійным таварыстве быў надрукаваны Новы Запавет у перакладзе ксяндза Ўладзіслава Чарняўскага.
Але ж ад беларускага біблійнага лідэрства ва Ўсходняй Эўропе, датаванага «залатым» XVI стагодзьдзем, сёньня мала што засталося. Быў час, быў век, была эпоха, калі Беларусь вывозіла на экспарт не сыры лес і не калійныя ўгнаеньні, а друкаваную Біблію. Тады «Апостал» Фёдарава і Мсьціслаўца ды «Псалтыр рыфматворны» Полацкага адкрывалі Сьвятое Пісьмо шырокім масам расейцаў; львоўскія ды астроскія выданьні беларускіх друкароў наталялі прагу Божага Слова ва Ўкраіне, Радзівілаўская Біблія й «Новы Запавет» Буднага насычалі духоўным хлебам Польшчу. А цяпер? Ганарымся найбуйнейшым у Эўропе дыямэнтам бібліятэкі — і ня маем аніводнай поўнай афіцыйна прызнанай хоць бы адной хрысьціянскай канфэсіяй беларускай Бібліі!
А Малому Сітну і праўда бязь Бібліі аніяк. «Разбаўталіся людзі! Раней хоць парадак быў. Замнога свабоды ім далі, — бурчыць начальнік леспрамгасу, — не баяцца нікога!..» Але, калі ў чалавека няма маральнага закону, прапісанага ў сэрцы, — аніякая дырэктыва, аніякі рэжым, аніякі страх не прымусяць яго жыць маральна. Бяз Бога, без царквы, бязь Бібліі Беларусь прападае.
Падхапіць місію Скарыны — значыць надрукаваць дзесяць мільёнаў асобнікаў беларускай Бібліі. Мару, каб Сьвятое Пісьмо ляжала на стале ў кожнага беларуса. Адчуваю асаблівае пакліканьне да гэтае справы: нездарма Скарына пачаў друкаваць Біблію ў праскай друкарні Паўла Севярына. І веру: беларусы будуць аддаваць Сьвятому Пісьму болей часу, чым жоўтай прэсе ды крымінальнаму чытву.
Бо Біблія — гэта Асноўны закон нацыянальнага абуджэньня.





