Карабінэры ў Генуі трапілі на сьлед 20‑гадовага румына, ува ўладаньні якога знаходзіцца 530 машынаў.
Італьянская паліцыя зацікавілася маладым чалавекам, калі падчас дарожнага кантролю ў розных мясцовасьцях практычна ў той самы час былі затрыманыя тры машыны, зарэгістраваныя на адно і тое ж прозьвішча.
Хутка высьветлілася, што ўладальнік іх не страхаваў і не плаціў за іх падаткаў. Да таго ж, калі пачалася дэталёвая праверка, румын зьнік бязь сьледу і да гэтага часу яго не адшукалі.
Паліцыя мяркуе, што румын прадаваў машыны сваім землякам, якія нелегальна знаходзяцца ў Італіі. Гэткія зьдзелкі ён праводзіў, канешне ж, бяз «лішняй бюракратыі» – без удзелу дзяржаўнай казны і г.д. Аднак сьпярша яму ж трэба было неяк набыць машыны і зарэгістраваць іх на сябе, і яшчэ невядома, чаму чалавек, якому належыць больш за паўтысячы машынаў, так доўга не зьвяртаў на сябе ўвагі адпаведных службаў.





