Гэтым разам пісьменьнік Павал Касьцюкевіч прыехаў у Менск не з пустымі рукамі. Ён прэзэнтаваў першы пераклад ізраільскай прозы на беларускую мову — кнігу Этгара Керэта. Апроч сямі ўласных апавяданьняў Паўла, што былі надрукаваныя на старонках «Нашай Нівы», і гэтай самай кнігі, пра Касьцюкевіча амаль нічога невядома. Вось мы і пачалі са знаёмства…

Паехаў пабачыць дзеда і застаўся

Павал Касьцюкевіч: Я карэнны мянчук у трэцім пакаленьні. У 1997 г. досыць выпадкова прыехаў у Ізраіль, мой дзед тады ляжаў там у коме, захацеў паглядзець на дзеда, думаў, што ў апошні раз, і застаўся там.

«НН»: Дык што цябе там так прывабіла?

ПК: Ня знаю. Ізраіль — гэта душэўная краіна. Выходзіш на вуліцу, а неба так і цісьне на цябе з усіх бакоў. Шмат сонца. Уяўляеш, прыяжджае беларускі хлопчык у Ізраіль і адчувае, што сонца прасякае абсалютна ўсё ягонае цела. Цябе не пускае назад ізраільскае сонца, хаця яно вельмі небясьпечнае. Ізраіль займае другое месца ў сьвеце пасьля Аўстраліі па колькасьці ракавых захворваньняў. Не разумею, як вы змаглі ў Беларусі перажыць апошнюю зіму, калі амаль не было сонца.

«НН»: Дык хіба ізраільцяне радзей упадаюць у дэпрэсію, чым беларусы?

ПК: Не, я не сказаў бы. Этгар Керэт, дарэчы, шмат пра гэта піша. У Ізраілі ёсьць адна праблема, што мужчынаў больш за жанчынаў. Шмат у якіх мужчынаў праз гэта праблемы, бо цяжка знайсьці сваю другую палову. Пра гэта акурат і піша Керэт, што з каханьнем цяжка. Вось вы, мужчыны, тут, у Беларусі, адчуваеце сябе каралямі, а ў Ізраілі такога няма.

«НН»: Ці ёсьць у цябе дзяўчына? Не сабраўся яшчэ жаніцца?

ПК: Ёсьць сяброўка, яна працуе дызайнэрам, яна з Каўказу. Жаніцца пакуль не зьбіраюся, бо, ведаеш, у Ізраілі гэта ўсё ж робіцца досыць позна. У краіне з рэлігійных прычынаў вельмі цяжка з разводамі, можа быць, гэта ёсьць стрымліваючым фактарам. Хоць я не адношу сябе да вернікаў, я не хаджу ні ў царкву, ні ў сынагогу.

«НН»: Што яшчэ ўразіла ў Ізраілі?

ПК: У Ізраілі ўсяго многа, гэта ня тое самае, што ўсё ёсьць. Чаго ня скажаш, усяго многа. Літаратуры, музыкі і г.д. Няма толькі лясоў, вады і тэрыторыі. Мой знаёмец любіць шпацыраваць, і так аднойчы зашпацыраваўся, што выпадкова зайшоў на тэрыторыю Эгіпту. Краіна сапраўды вельмі маленькая. Было прыемна, што я прыехаў у маленькі Савецкі Саюз. Мне было проста прыемна прыехаць туды і сустрэцца з украінцамі, узбэкамі, яны раскажуць пра тамтэйшую культуру. Гэта ўсё страшэнна цікава. У мяне не было ніякага культурнага шоку па прыезьдзе ў Ізраіль.

Ахоўнік прэм’ер‑міністра

«НН»: Што было потым? Як ты ўладкаваўся ў Ізраілі?

ПК: Адразу пачаў вывучаць іўрыт. Ты прыяжджаеш у чужую краіну, ня ведаеш мовы, на цябе пачынаюць касавурыцца мясцовыя, таму гэта натуральнае жаданьне і патрэба. Усе людзі, што прыяжджаюць жыць у Ізраіль, падзяляюцца на тры групы: 1. Тыя, хто не паважае іўрыт і не карыстаецца іўрытам. 2. Тыя, хто любяць і паважаюць іўрыт, а ёсьць яшчэ і трэцяя — гэта тыя, хто не гатовы ўспрымаць іўрыт на радыё, тэлебачаньні, у газэтах, але любяць ім паслугоўвацца ў жыцьці. Я належу да апошняй. Канечне, у Ізраілі можна жыць і ня ведаючы іўрыту, але ў такім выпадку ты замыкаесься ў сваім постсавецкім гета, у іх ёсьць свае расейскамоўныя крамы, часопісы, але гэта ня ёсьць паўнавартасным жыцьцём. Трэба было нешта рабіць, ісьці працаваць, зарабляць на жыцьцё, бо ў Ізраіль я прыехаў адзін. Пайшоў працаваць, пачаў адначасова вучыцца. Навучаўся псыхалёгіі ў тэль‑авіўскім акадэмічным каледжы.

«НН»: Ці адчуваеш страх ад жыцьця ў Ізраілі, бо, наколькі я разумею, у гэтай краіне ў любы момант можа выбухнуць аўтобус. Як гэта?

ПК: Канечне, страшна, але на тое ты жывы чалавек, каб баяцца. Галоўнае не зацыклівацца на гэтым. Я раскажу пра адзін момант, зьвязаны акурат з гэтым. У Ізраілі шмат якіх вар’ятаў, канечне, ня самых буйных, на выходныя адпускаюць дадому. Я еду ранішнім аўтобусам, і раптоўна адзін пасажыр падае на падлогу, пачынае біцца ў дзьверы і крычаць: «Выпусьціце! Тут бомба». Уяві сабе, што гэта такое. Людзі пачынаюць выскокваць з вокнаў. І толькі потым мы зразумелі, што гэта звычайны вар’ят. Вар’яты выдатна адчуваюць эпоху.

«НН»: Кажуць, што ты працаваў у ахове прэм’ер‑міністра Ізраілю. Ці гэта праўда?

ПК: Не зусім ужо, я б сказаў, што ў ахове. Правільней было б сказаць, што ў чацьвертым коле аховы Бэньяміна Нэтаньяху. Першае кола складаюць целаахоўнікі, другое — «шабак» (спэцслужбы), трэцяе — яшчэ нехта, і толькі ў чацьвертым стаяў я. Выдалі адразу пісталет. Проста быў пэрыяд, што ў гэтую ахову бралі ўсіх. У Ізраілі гэта не такая ўжо прэстыжная работа, як у Беларусі. У Ізраілі палова краіны некалі была ў ахове прэм’ера, гэта праца не такая ўжо высокааплатная. Паскудная праца была. Стаялі недзе ўсю ноч і нешта ахоўвалі. Потым я працаваў ахоўнікам у амэрыканскай сынагозе. Для амэрыканцаў мы былі сапраўднымі каўбоямі зь пісталетамі. Памятаю, падчас сьвята Пурым яны пераапрануліся ў тэрарыстаў, бегалі з аўтаматамі. Я падышоў і сказаў, каб таго не было, і яны адразу паслухаліся. Бо мы былі для іх сапраўднымі абаронцамі айчыны, паважанымі людзьмі. Ахоўваў пякарню, працаваў у «Макдональдз». Ёсьць такая халява ў Ізраілі, калі можна працаваць у якой‑небудзь ахове, але нічога пры гэтым не рабіць. Зараз таксама працую ў ахове, ахоўваю высокія тэхналёгіі, сплю за грошы. У Ізраілі кажуць, што за грошы сьпяць толькі прастытуткі і ахоўнікі. Падпрацоўваю ў рэклямным бізнэсе.

«НН»: Ці цікавісься палітыкай?

ПК: Не сказаў, каб вельмі. Калі жыў у Беларусі, то ў палітычным жыцьці краіны ня ўдзельнічаў. Так, мне не падабаецца, што тут робіцца. Можна хоць бы параўнаць навіны на беларускім і ізраільскім тэлебачаньні. Карэспандэнты бяруць камэнтары ў мінакоў на абсалютна нэўтральную тэму кшталту нейкага культурнага мерапрыемства. У Ізраілі чалавек бярэ ў рукі мікрафон і пачынае: «Наша краіна такая паскудная, мы маем найгоршы ў сьвеце ўрад», — і толькі напрыканцы кажа, што мерапрыемства яму спадабалася. У Беларусі я такога не ўяўляю.

Хачу мець грошы зь літаратуры

«НН»: З прыездамі ў Беларусь ці адчуваеш у краіне нейкія зьмены?

ПК: Перш за ўсё гэта яшчэ большы ўціск беларускамоўных, калі я не магу здаваць іспыты на правы кіроўцы па‑беларуску, ці па тэлебачаньні няма беларускамоўных фільмаў. Таксама адзначу, што людзі пачалі больш зарабляць, яны ведаюць, што праз тры гады набудуць аўтамабіль, празь сем — кватэру. Людзям пачалі выдаваць крэдыты, яны становяцца спажыўцамі. Ня буду ж я гаварыць пра чыстыя вуліцы. Так, у Тэль‑Авіве вуліцы брудныя, але ў Ерусаліме — чыстыя.

«НН»: Дык чым ты яшчэ займаесься ў Ізраілі апроч асноўнай працы?

ПК: Перакладамі. Пераклаў на беларускую мову раман Курта Вонэгута «Бойня нумар пяць». Мне цікава імі займацца, калі б гэта прыносіла яшчэ нейкія грошы, то я б займаўся перакладамі ўвесь час. Перакладаю Узі Вайля.

«НН»: Чаму зараз выйшла кніга тваіх перакладаў менавіта з Этгара Керэта?

ПК: Бо самы хіповы аўтар. Думаю, што і прадавацца будзе лепш, чым хто іншы. Керэт напрыканцы 90‑х быў самым модным ізраільскім пісьменьнікам, ягоныя кнігі выходзілі стотысячнымі накладамі, калі ўлічыць, што сярэднія наклады ізраільскіх кніжак складаюць тысячу‑дзьве асобнікаў. Калі ляцеў у Беларусь, то зайшоў да Керэта. Прыйшоў і сказаў: «Керэт, я твой перакладчык». Ён сказаў, што вельмі прыемна пазнаёміцца. Папрасіў, каб я прынёс яму пазьней пару кніжак. Душэўны чалавек, хацеў прыехаць у Беларусь, але не атрымалася, абяцае прыехаць летам. Я яму растлумачыў, што Беларусь вельмі важная краіна, што ўсе больш‑менш значныя людзі Ізраілю нарадзіліся ў Беларусі. Але ці варта гэта было гаварыць чалавеку, у якога бацька з Баранавіч.

«НН»: Калі пачалася твая літаратурная дзейнасьць?

ПК: Калі вучыўся рэкляме і мне растлумачылі, як гэта ўсё робіцца. Мне растлумачылі, што нават калі ты займаесься літаратурай, то мусяць быць нейкія правілы, каб стаць пасьпяховым. Раней я толькі марыў пра гэта. Я хачу мець грошы з таго, што мне падабаецца рабіць. Я б увогуле хацеў бы быць украінскім пісьменьнікам, бо там ёсьць раскрутка і ўсё такое, але я, на жаль, ня ведаю ўкраінскай мовы.

«НН»: Ты ня пішаш пакуль раманы, як Этгар Керэт. Чаму?

ПК: Мне падабаюцца маленькія апавяданьні. Хто мае час на доўгія раманы? У апавяданьнях я выкладваюся цалкам. Гэта як песьня. Калі я пішу апавяданьне, то ўяўляю сабе рок‑музыку. Выкладваюся, пяць хвілінаў песьня, а пасьля, як бубнач з гурту Metallica, я ляжу выматаны на бубнах. Калі дапісваю апавяданьне, то мне хочацца проста паваліцца і адпачыць. У мяне няшмат ідэяў нават на апавяданьні, я хапаюся за іх усімі магчымымі сродкамі. Не разумею, як беларускія літаратары могуць раскідвацца такой аграмаднай колькасьцю думак і ідэяў.

«НН»: Ці чакаў, што ў Беларусі зьявіцца такая цікавасьць да літаратара Касьцюкевіча?

ПК: Ня ведаю, пра якую цікавасьць ты кажаш, бо на вуліцы людзі мяне не спыняюць, а Этгара Керэта людзі спыняюць і бяруць аўтографы.

«НН»: Кім лічыш сябе сёньня: беларусам, ці ўсё ж ізраільцянінам?

ПК: Як я сьмяюся: я — менскі торцік ізраільскай літаратуры. Канечне, у Ізраілі я хачу быць беларусам, а калі прыяжджаю сюды, то пачынаю задумвацца, ці трэба мне гэта. Адношу сябе да таго пакаленьня, якое адарвалі ад сваіх каранёў, цяпер яны ня маюць сваёй краіны, Радзімы. Ластаўкі ў стрэсе.

«НН»: Думаеш вяртацца ў Беларусь?

ПК: Можа, і вярнуся, можа, не вярнуся. Гэта цяжка сказаць цяпер. Можа, зьеду ў якую іншую краіну, бо ня варта зацыклівацца толькі на Беларусі і Ізраілі, сьвет нашмат большы за гэтыя дзьве краіны.

Павал Касьцюкевіч нарадзіўся ў 1979 г. у Менску. Пісьменьнік, перакладчык. Жыве ў Тэль‑Авіве. Сёлета выйшла кніга яго перакладаў на беларускую мову апавяданьняў Этгара Керэта «Кіроўца аўтобусу, які хацеў стаць Богам».

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?