У чацьвер у менскім Палацы мастацтваў прайшла прэзэнтацыя кнігі «Альбом сямейны». Гэта ўжо 11‑ая кніга з сэрыі «Бібліятэка «Радыё Свабоды».

Перад пачаткам прэзэнтацыі прысутным была прапанавана нарэзка з гітоў 1960‑х — ад «Бітлз» да Людмілы Зыкінай. Відавочна, крок быў зроблены дзеля таго, каб гледачы змаглі як мага лепш прасякнуцца эпохай, пра якую піша Вінцэсь Мудроў.

Імпрэза пачалася не з уступнага слова аўтара, а з уганараваньня пераможцаў розных «свабодаўскіх» конкурсаў. Прысутныя нарэшце пабачылі Яўгена Ацецку — аўтара найлепшага здымку «Свабоды», а таксама тых, хто прасьпяваў самыя прыгожыя калядкі. Сярод іх была 8‑гадовая Ліза Сямёнава.

Дырэктар беларускай службы Радыё «Свабода» Аляксандар Лукашук прадставіў Мудрова, як чалавека, які разваліў СССР. Пасьля слова ўзяў сам аўтар. Пісьменьнік гаварыў нямнога, бо, паводле прызнаньня, ён баіцца вялікіх аўдыторыяў. Ён згадзіўся выступіць толькі з той прычыны, што ў залі сабраліся «лепшыя людзі нашага раёну». «Сёньня я падумаў, што, можа, у нашай маладосьці нічога цікавага не было. Скажу шчыра, мы пілі «чарніла, пляскалі ў ладкі, стаялі ў чэргах. Відаць, ад гэтага жыцьцё бацькоў ня дужа цікавіць цяперашнюю моладзь».

Уладзімер Арлоў распавёў пра тое, як у школе іх палохалі Вінцэсем, казалі, што, калі ты будзеш дрэнна вучыцца, то станеш падобным да Мудрова, а клясная кіраўнічка ўвесь час паўтарала пра Мудрова: «парнишка с гнильцой».

Валянцін Тарас сказаў, што крыху шкадуе і зайздросьціць, што такую кнігу напісаў ня ён. «Здавалася, што ўсё гэта валяецца проста пад нагамі, але сабраць у адну кніжку да Мудрова ніхто ня змог: «Не мудрыў Мудроў – а зрабіў будзь здароў! Адзінага разьдзелу, якога не хапае, на мой погляд, у кніжцы – гэта «батон». Вінцэсь Мудроў адразу ўспомніў самы папулярны від батону за 13 капеек, які быў папулярным таму, што іншых не было.

Самым цікавым момантам імпрэзы стаўся прарыў на сцэну нікому не вядомага чалавека, які заявіў, што працуе сьлесарам і таксама піша па‑беларуску. Усе спробы спусьціць яго назад у залю аказаліся марнымі. Сьлесар бяз комплексаў сеў на крэсла побач з Мудровым і цягам нейкага часу нешта расказваў.

У канцы прэзэнтацыі Мудроў прызнаўся, што вельмі хацеў, каб адзін з герояў, што зьмешчаны на вокладцы ягонай кнігі, дажыў да прэзэнтацыі. Мудроў і скончыў словамі таго самага Фідэля Кастра «Вольная Бацькаўшчына альбо сьмерць», а ад сябе ціха дадаў: «Мы пераможам»!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?