Мой дзед да вайны добра знаўся зь некаторымі нашымі паэтамі ды пісьменьнікамі – Купалам, Коласам, Чорным ды іншымі. Дзед сам ня быў літаратарам, і наогул даволі грэбліва ставіўся да беларускай мовы. Але ён выкладаў у вучэльні, дзе вучыўся сваяк кагосьці з паэтаў, і той неяк запрасіў яго на сумесную п’янку. І дзед пасьля часьцяком сустракаўся зь імі, каб выпіць разам ды пагуляць у карты, бо быў зацятым карцёжнікам.

Дык вось неяк ішоў дзед зь Янкам Купалам па цяперашнім парку імя Янкі Купалы. Абодва на добрым падпітку. Зіма, ноч і моцная завіруха. На сьцежцы парку стаіць міліцыянер, увесь занесены сьнегам. Выглядае, як адзін суцэльны сумёт. А Купала прыгадаў нейкую сваю крыўду на органы правааховы, падышоў ды даў таму кулаком па галаве. Стукнуў так моцна, што небарака паваліўся ў сьнег. Але тут падасьпелі іншыя міліцыянеры, якія схапілі майго дзеда разам з Купалам і пацягнулі ў пастарунак. Там паглядзелі паперы. Але ж у пашпарце ў Купалы не было напісана, што ён Янка Купала і славуты паэт. А хто такі Іван Дамінікавіч Луцэвіч менты, натуральна, ня ведалі. Самі ж «хуліганы» ўжо былі няздольныя даваць тлумачэньні наконт сваіх асобаў.

Давялося правесьці ноч у пастарунку. Уранку прыйшоў начальнік, які быў больш адукаваны, чым яго падначаленыя, і пачаў чытаць сьпіс затрыманых за ноч. Пабачыўшы там «Івана Дамінікавіча Луцэвіча», ён спалохаўся, ці не Купала да іх за краты патрапіў, і пайшоў паглядзець. Калі ж зразумеў, што так і адбылося, спалохаўся яшчэ больш і папрасіў у абодвух прабачэньня, назваўшы выпадак «прыкрым непаразуменьнем».

Я ведаю гэтую гісторыю вельмі даўно, і часта думаю: «а што было б з маім дзедам у тыя далёкія 30‑я гады, калі б ён тады не з Купалам ішоў, а са звычайным грамадзянінам?».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?