У Магілёве агучылі плян рэканструкцыі палацавага комплексу ў вёсцы Жылічы. Занядбаную сядзібу, якая раней належала польскаму роду, зьбіраюцца ўзнавіць цягам бліжэйшых трох гадоў.

У 2007 годзе плянуецца выдаткаваць 400 мільёнаў рублёў на рэстаўрацыю сядзібы Булгакаў ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім аблвыканкаме. Асноўная частка сродкаў пойдзе на правядзеньне навукова‑дасьледчых работ. Акрамя таго, сёлета распачнецца рэстаўрацыя асобных памяшканьняў палацу.

Зараз палацава‑паркавы комплекс Булгакаў знаходзіцца ў занядбаным стане, частку пакояў займае мясцовы музэй. Цягам наступных 2‑3 гадоў улады маюць намер аднавіць першапачатковую пляніроўку галоўнага корпусу, пры гэтым захаваюцца ляпныя столі, дэкаратыўныя элемэнты, каміны. Таксама будуць адноўленыя хатні касьцёл, бібліятэка, вялікая заля ды іншыя пакоі. Затым плянуецца добраўпарадкаваць парк, які, дарэчы, займае тэрыторыю блізу 18 гектараў. Тут зьявяцца месцы адпачынку, будзе адноўлены каскад сажалак і летняя лазьня.

Сядзіба ў Жылічах уваходзіць у сьпіс гісторыка‑культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Яе будаўніцтва пачалося ў 19‑ым стагодзьдзі на сродкі шляхціча Ігнація Булгака. Палац займае вялікую плошчу – амаль 4 тысячы квадратных мэтраў, у бакавым крыле будынку раней знаходзілася нават аранжарэя, якая рыхтавалася па замове ў Варшаве. У ёй вырошчвалі кіпарысы, пальмы, апэльсіны, а ўлетку высаджвалі ў парк.

Belarus Live

Фота Ю. Шамкаловіч, radzima.org.

Глядзі яшчэ:
Фотавандроўка па палацавым комплексе

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0