Павага незалежнага грамадзтва ўрэшце схіліцца на бок таго палітыка і тае палітычнае сілы, якая больш эфэктыўна і крэатыўна папрацуе на арганізацыю сьвята 25 Сакавіка. Камэнтар Рэдакцыі.

У панядзелак 19 лютага адбылося пазачарговае паседжаньне палітрады аб’яднанай апазыцыі. Прычынай скліканьня рады сталася рашэньне Аляксандра Мілінкевіча ня ўдзельнічаць у сакавіцкім Кангрэсе дэмакратычных сілаў. На паседжаньні прысутнічалі таксама лідэры Рады беларускай інтэлігенцыі.

Яно нічога не зьмяніла. Мілінкевіч застаецца цьвёрдым у сваім нежаданьні ісьці на Кангрэс. Партыйныя лідэры — у нежаданьні падпарадкоўвацца Мілінкевічу.

Экс‑кандыдат у прэзыдэнты лічыць, што Кангрэс ня мае сэнсу, калі ён зьвядзецца да абмеркаваньня агульных матэрый. Таксама Мілінкевіч перакананы, што апазыцыя мусіць мець лідэра з шырокімі паўнамоцтвамі. Апошняй кропляй, якая справакавала Мілінкевіча на разрыў з партыйнымі босамі, стала рашэньне палітрады дэмакратычных сілаў перайсьці да ратацыйнага старшынства і забараніць Мілінкевічу выступаць ад імя ўсіх дэмакратычных сілаў бяз санкцыі той самай палітрады.

У панядзелак Мілінкевіча холадна ўгаворвалі прыйсьці на Кангрэс, каб ён «хаця б адчытаўся аб зробленай працы». Фактычна ж, удзел Мілінкевіча легітымізаваў працу Кангрэса ў вачох грамадзкасьці і замежжа. Як трапна сфармуляваў Вінцук Вячорка, «безь Мілінкевіча ня можа быць Кангрэсу аб’яднаных дэмакратычных сілаў». І дадаў: «Але і Мілінкевіч без Кангрэсу ня лідэр дэмакратычных сілаў».

Дэлегатаў на Кангрэс на гэты раз вылучалі шляхам збору як мінімум трохсот подпісаў выбарцаў. У выніку найбольшае прадстаўніцтва на Кангрэсе будуць мець левыя партыі на чале з камуністамі. Яны ня маюць абсалютнае большасьці, але блякуючы пакет належыць прадстаўнікам АГП, на чале зь непрыхільным да экс‑кандыдата ў прэзыдэнты Анатолем Лябедзькам. Таму Мілінкевіч разумее, што гэты сход наўрад ці ўмацуе ягонае лідэрства.

Камуністы настойваюць на ранейшым часе правядзеньня Кангрэсу — 17—18 сакавіка. Ссыльны Статкевіч заклікаў перанесьці Кангрэс на 2008 год. Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка прапанаваў кампрамісны варыянт. «Кампраміс дзеля адзінства» прадугледжвае правядзеньне Кангрэсу ў траўні і абраньне Мілінкевіча старшынём палітычнай рады дзеля таго, каб ён мог прадстаўляць апазыцыю ў замежжы.

Крытыкі закідаюць Мілінкевічу слабыя арганізатарскія здольнасьці і бязьдзейнасьць пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Праўда, тут і самі яны пахваліцца асабліва ня маюць чым.

Трэба адзначыць, што кааліцыя кангрэсістаў пярэстая. У яе ўваходзяць лідэры палітычных партыяў — часта ў няпростых адносінах паміж сабой, але якія не жадаюць моцнага лідэра над сабой.

Да іх далучыліся «палітыкі‑адзіночкі», выціснутыя на пэрыфэрыю грамадзкай увагі па меры ўзмацненьня Мілінкевіча й Казуліна. Яны бачаць у дэтранізацыі Мілінкевіча шанец на працяг уласнай палітычнай кар’еры.

Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас амаль непрыхавана крытыкаваў дзеяньні Мілінкевіча: «Я спадзяюся, што і Аляксандар Мілінкевіч, які ініцыяваў гэтую сытуацыю, нешта зразумеў. І з аднаго боку, дрэнна тое, што здарылася. А з другога боку, можа, і трэба было нейкія захады надта рэзкія зрабіць. Трэба несьці сапраўдную адказнасьць за вынікі тых рашэньняў, якія прымаюцца, тады на новым якасным узроўні і пойдзе праца. Бо сьпісваць усё на рэжым — гэта ўжо ўсім надакучыла, гэта ўжо не працуе».

А экс‑палітвязень Сяргей Скрабец увогуле параўнаў Мілінкевіча... з Гітлерам. Абурэньне палітыка выклікаў ліст Мілінкевіча да Лукашэнкі. Скрабец лічыць непрымальнымі перамовы з кіраўніком краіны. «Падалося, што Гітлер пачаў размаўляць па‑беларуску», — заявіў Скрабец.

Партыйных лідэраў горача падтрымалі расейскае і калярасейскае крыло апазыцыі.

З крытыкай заяваў Мілінкевіча выступіў экс‑кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін: «Я шкадую, што мой калега зрабіў у апошнія дні заявы, якія паставілі дэмакратычныя сілы ў няпростае становішча. Спадзяюся, што рэальныя дзеяньні Мілінкевіча будуць накіраваныя на дасягненьне згоды ў дэмакратычным асяродзьдзі і дазволяць у бліжэйшы месяц арганізаваць лёсавызначальны для Беларусі нацыянальны форум — Кангрэс аб’яднаных дэмакратычных сілаў». Трэба адзначыць, што той самы Казулін мінулы «лёсавызначальны форум» проста праігнараваў.

Апантана крытыкуе Мілінкевіча на сайце «Белорусский партизан» журналіст Павал Шарамет. Ён назваў Мілінкевіча «польскім праектам» і «баязьліўцам».

На тым жа сайце быў зьмешчаны артыкул расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава «Актуальныя праблемы схаванага канфлікту». Крытыкуючы сёньняшнюю беларускую ўладу, Суздальцаў таксама пераймаецца тым фактам, што Мілінкевіч адмаўляецца ўдзельнічаць у Кангрэсе. Суздальцаў непакоіцца, што беларуская ўлада і апазыцыя змогуць знайсьці кропкі судакрананьня ў барацьбе супраць расейскае дамінацыі. У антыпольскім запале ён ідзе далей за Шарамета. Ён бачыць польскую інтрыгу ў самім факце незалежнасьці Беларусі і выжываньня беларускай нацыі. Вяршыняй публіцыстычнага таленту гэтага аўтара можна лічыць вось гэтую фразу: «…дабіцца сваёй мэты Варшава можа толькі поўным вынішчэньнем расейскага народу». Зрэшты, фантазія сп.Суздальцава не ўпершыню працуе ў генацыдным кірунку. Летась гэты аўтар заклікаў дэпартаваць з Расеі беларусаў.

Крытыка з боку прарасейскіх дзеячоў мае ідэйную падбіўку. З аслабленьнем Мілінкевіча яны спадзяюцца падважыць ягоны палітычны курс (недапушчэньне расейскага ўмяшаньня ў беларускую палітыку, падтрымка беларусізацыі, саюз з Захадам). А вось крытыка з боку партыйных лідэраў не выходзіць за межы асабістага. Альтэрнатыўнай стратэгіі Казулін, Калякін, Лябедзька і Вячорка не прапануюць. Тады што дасьць ратацыя лідэраў замест Мілінкевіча некаму, акрамя саміх ратаваных лідэраў?

Мілінкевіч пачаў жорсткую гульню на масавай антыпатыі да беспасьпяховай дзейнасьці палітычных партый. Можна спрачацца, карэктны такі ягоны ход ці не, але ён спрацоўвае. Рэакцыя чытачоў з сайту «НН» красамоўная: дзевяць дзясятых падтрымліваюць у гэтай спрэчцы Мілінкевіча.

Мэханізм палітрады канчаткова здыскрэдытаваў сябе, калі яна так і ня здолела выпрацаваць рэакцыю на нафтагазавы канфлікт. Няма сумневу, што і абмеркаваньне адкрытага ліста да Лукашэнкі замарудзілася б да бясконцасьці, калі б Мілінкевіч ня ўзяў на сябе адказнасьць і не падпісаў яго ад сябе асабіста. Тым самым зрабіўшы крок, на які ўлады дагэтуль не адказалі. Чытачы сайту «НН», дзе публіка не з памяркоўных, амаль трыма чвэрцямі гэты ход Мілінкевіча ўхвалілі (гл. «НН» №5). Сярэдні ж выбаршчык‑дэмакрат, думаецца, паставіўся да гэтага кроку яшчэ больш пазытыўна.

На думку аналітыка Яна Максімюка, унутрыапазыцыйная барацьба выглядае непрыгожа. «Цяпер беларуская апазыцыя мае шанец, якога ня мела шмат гадоў, — сказаў Максімюк у эфіры радыё «Свабода». — У сувязі з новай палітычнай сытуацыяй паміж Беларусьсю і Расеяй і ў сувязі з тым, што беларускі прэзыдэнт зрабіў, прынамсі, намёкі на тое, што хоча паправіць адносіны з Захадам. Беларуская апазыцыя мае адзін вялікі козыр, а менавіта тое, што яна магла б выступіць як пасярэднік пры наладжваньні такіх сувязяў афіцыйнага Менску з Брусэлем. Гэты козыр могуць вельмі лёгка страціць такімі разборкамі, якія пайшлі цяпер. Фактычна ідзе змаганьне за тое, хто мае рэпрэзэнтаваць апазыцыю перад Брусэлем».

Унутраныя разборкі ў апазыцыі маюць тым меней сэнсу, што адзіныя яе спадзяваньні тычацца Дня Волі. Толькі вулічныя акцыі могуць даць незалежнаму грамадзтву нейкія козыры ў барацьбе за палітычны выбар Беларусі. Заявы, што ад масавасьці акцыі 25 Сакавіка залежаць палітычныя пэрспэктывы Мілінкевіча, ня маюць аніякага грунту пад сабой. Ад якасьці гэтага сьвята будзе залежаць ня лёс таго ці іншага палітыка, а тонус незалежнага грамадзтва і, калі хочаце, курс Беларусі ў наступным годзе. Думаецца, што павага незалежнага грамадзтва ўрэшце схіліцца на бок таго палітыка і тае палітычнае сілы, якая больш эфэктыўна і крэатыўна папрацуе на арганізацыю сьвята 25 Сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?