Дасягненні ў прафесійным спорце наўрад ці варта лічыць вялікімі перамогамі. Як і не варта забываць, што сам па сабе прафесійны спорт — проста рафініяваная і старажытная разнавіднасць шоў-бізнэса пад шляхотным соўсам:

мэта ўсяго гэтага мерапрыемства толькі ў тым, каб вы паглядзелі рэкламу,
пабачылі брэнды на трыко і пайшлі купілі ліцэнзіяваны сувенір з эмблемай улюблёнага клуба.

Але ва ўмовах адсутнасці выбітных і сусветна вядомых літаратараў, мастакоў, філосафаў ці бізнесменаў краіне даводзіцца, канечне, ганарыцца нават людзьмі, каму Бог даў хаця б талент пінаць скураны мяч ці махаць ракеткай перад тэлекамерамі. Беларусь не мае ніводнага стоадсоткава і выключна «свайго» нобелеўскага лаўрэята, але мае цяпер першую ракетку света па тэнісе — Вікторыю Азаранку.

Прыемна? Прыемна.

Але вельмі ўсцешыла, што ў фрэнд-стужцы знайшліся людзі, якія ўспомнілі, як 

Вікторыя Фёдараўна вясёла гуляла ў тэніс з адным дыктатарам, які па некаторых дадзеных здзейсніў дзяржаўны пераварот з мэтай узурпацыі ўлады, нясе адказнасць за палітычныя рэпрэсіі, катаванні ў турмах і нерасследваныя знікненні (магчыма, забойствы) сваіх палітычных апанентаў.

Будучая першая ракетка свету вялікаму дыктатару тады па-мойму нават прайграла — не дапамагла нават каляжанка, таксама з топу рэйтынга ATP.

Жыццё прымусіла? Ці тэнісістка, што даўно пражывае ў Манака і трэніруецца ў ЗША, мае нагоду баяцца рэпрэсій з боку рэжыма?

Узгадайма на гэтым фоне Віталія Клічко, які ў часе Аранжавай рэвалюцыі — у самы яе разгар, калі перамога Юшчанка яшчэ не была перадвызначаная — дэманстратыўна выйшаў на вырашальны бой з памаранчавай стужкай на шортах.

Альбо ўзгадайма Сяргея Міхалка, калісьці простага эстрадніка-хулігана, якому камфортнае жыццё і статус поп-зоркі маштаба ўсяго былога СССР не перашкодзіла публічна заняць дастойную грамадзянскую і чалавечую пазіцыю да таго, што адбываецца ў Беларусі.

Можна асуджаць Азаранку за тую гульню з Лукашэнкам ці маўчанне што да беларускай дыктатуры, можна не асуджаць. Важней тое, што чакаць адпаведных словаў і адпаведнай грамадзянскай пазіцыі ад яе надыйшоў менавіта цяпер, калі вядомасць і аўтарытэт маладой тэнісісткі ў свеце зрабіліся яўна вышэйшымі, чым у Лукашэнкі.

Менавіта сёння, у зеніце славы, яна атрымала шанец сказаць сваё слова — каб увайсці ў гісторыю як нехта нашмат большы, чым проста таленавіты атлет.
Ці скарыстаецца яна шансам? Пажывем — пабачым.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?