Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу адвакатаў Андрэя Саннікава на адмову адміністрацыі калоніі «Віцьба-3» у сустрэчах з іх падабаронным.

Як паведаміла адвакат Марына Кавалеўская, разгляд скаргі ў абласным судзе адбыўся 30 студзеня.

«Мы абскардзілі рашэнне раённага суда Віцебска і рашэнне ўпраўлення дэпартамента выканання пакаранняў па Віцебскай вобласці, якія прызналі законным рашэнне адміністрацыі калоніі „Віцьба-3“ аб нядопуску нас да Саннікава.
На жаль, наша скарга засталася без задавальнення», — сказала адвакат.

Паводле слоў Кавалеўскай, на рашэнне Віцебскага абласнога суда будзе пададзена скарга ў парадку нагляду.

Нагадаем, адвакаты і сваякі Андрэя Саннікава не дапускаліся да яго на працягу больш як двух месяцаў. Начальнік калоніі «Віцьба-3» Віталь Агністыкаў тлумачыў гэта нейкай праверкай, якая нібыта праводзіцца для таго, каб высветліць, ці не пагражае Саннікаву небяспека.

***

У маі 2011 года экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў быў прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года. Адбываць пакаранне ён павінен быў у калоніі Наваполацка (Віцебская вобласць), аднак палітыка некалькі разоў этапавалі ў іншыя калоніі. З 8 лістапада па 20 студзеня Саннікава трымалі ў поўнай ізаляцыі ад знешняга свету. 20 студзеня да яго дапусцілі адваката, а 24-га — прадаставілі кароткатэрміновае спатканне з жонкай і маці.

На наступны дзень пасля спаткання жонка экс-кандыдата Ірына Халіп склікала прэс-канферэнцыю, на якой паведаміла: пад уздзеяннем катаванняў яе муж вымушаны быў напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Паводле яе слоў, прашэнне было напісана яшчэ 20 лістапада, калі Саннікаў знаходзіўся на перасылцы ў магілёўскай турме. Паколькі 23 снежня Лукашэнка публічна заяўляў, што Саннікаў да яго з просьбай аб памілаванні не звяртаўся, Халіп апасаецца, што яе мужа не збіраюцца выпускаць з калоніі і яму пагражае смяротная небяспека.

У МУС, у сваю чаргу, сцвярджаюць, што прашэнне аб памілаванні Саннікаў падаў 23 снежня, і 23 студзеня адміністрацыя калоніі «Віцьба-3» адправіла яго ў аддзел па пытаннях грамадзянства і памілавання Адміністрацыі прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?