5 гадоў таму абарвалася спартовая кар’ера Дзмітрыя Рака. Падчас трэніроўкі на этапе Кубка свету ў кітайскім горадзе Цзілінь 30-гадовы беларускі фрыстайліст упаў і атрымаў цяжкую траўму галавы і шыі.

Па словах маці Дзмітрыя, узнаўленне спартсмена працягваецца дагэтуль.

«Ну, што пра гэта казаць? Не ведаю, — уздыхае Лідзія Рак. — Нам трэба лячыцца, узнаўляцца. Мы зараз нічога казаць не будзем, мы едзем з Дзімам на лячэнне».

Лячэбны курс працягнецца месяц. Па словах Лідзіі Рак, сям’я Дзмітрыя аплаціла яго самастойна.

«Ён не ідзе на папраўку, — распавядае сябра Дзмітрыя Рака, славуты беларускі фрыстайліст Аляксей Грышын. — Але бацька яго не хоча пра гэта размаўляць, і маці таксама».

Па словах Грышына, апошнім часам бацькі Рака засталася амаль без дапамогі.

Летась фрыстайліст на свой страх і рызыку зладзіў акцыю «Георгіеўская стужка», прыбыткі ад якой мусілі пайсці ў фонд дапамогі спартоўцам-інвалідам.
23 лютага 2011 года чорна-аранжавыя стужкі з’явіліся ў крамах па ўсёй Беларусі. Але беларусы не пажадалі іх набываць. «Акцыя спрацавала ў вялікі мінус. Яшчэ і я згубіў грошы… На жаль, людзі набылі не вельмі шмат стужак. А дакладней, вельмі няшмат. На гэты момант я страціў прыкладна 20 тысяч долараў. Лепш бы я аддаў гэтыя грошы Дзіме».
Грышын пакуль што не збіраецца спыняць акцыю і спадзяецца, што людзі ўсё ж такі падтрымаюць спартсменаў, якія ахвяравалі здароўем для высокіх спартовых дасягненняў нашай краіны.

У адказ на пытанне: калі вы апошні час клапаціліся пра здароўе Дзмітрыя Рака — ад фрыстайлістаў і трэнераў найчасцей чуеш прыслоўе «на жаль».

«Я доўгі час ужо, на жаль, не сустракаўся з ім і не размаўляў. Забегаўся тут… Ды і вядзем мы зараз падрыхтоўку да сур’ёзных мерапрыемстваў. А можа, і варта было б лішні раз пацікавіцца, як там…», — сумеўся трэнер нацыянальнай каманды фрыстайлістаў Анатоль Пастухоў.

Рэдка заглядае да Дзмітрыя Рака і Аляксей Грышын:

«У мяне, на жаль, не часта атрымліваецца з ім бачыцца. Па-першае, я ўвесь час у раз’ездах. А па-другое, гэта невыносна — бачыць яго ў такім стане. Псіхалагічна — вельмі складана. Мы стэлефаноўваліся. І я магу сказаць, што… Не адчувае ён сябе добра».

Па словах Грышына, цяжкае і страшнае ўражанне гісторыя Дзмітрыя Рака робіць на маладых спартоўцаў:

«На жаль, у нас вось так. Я не ведаю, куды глядзяць чыноўнікі. Яны ж разумеюць, што навокал адны спартоўцы. Тыя, хто спортам прафесійна займаецца, усё гэта бачаць. І разумеюць, што, не дай Божа, з кожным можа нешта адбыцца. І такое ж стаўленне будзе да іх таксама… Ведаеце, як гэта бывае: балалайка калі грае — усё добра. А калі струна парвалася — яе ў бок адклалі, і новую ўзялі…

Вось у мяне зараз праблема са спінай. І калі я апошні раз звярнуўся ў Міністэрства спорту і турызму, каб мяне накіравалі на лячэнне на Нарач, мне адказалі прыкладна наступнае:

«Дык ты ж заробак атрымліваеш! Гэта адмыслова табе на лекі, на лячэнне».

Па словах Анатоля Пастухова, які сумяшчае трэнерскую працу з пасадай сакратара Федэрацыі фрыстайла, нейкая дапамога ад дзяржавы Дзмітрыю Раку ўсё ж паступае. Апошнія дакументы на гэты конт ён бачыў увосень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?