Дэлегацыя беларускай апазыцыі працягвае візыт у сталіцу ЗША. Учора лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, першы сакратар Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін, жонка палітвязьня Ірына Казуліна і старшыня рабочай групы Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Сяргей Мацкевіч правялі сустрэчы ў Кангрэсе і Нацыянальнай радзе бясьпекі ЗША.

У дэмакратаў, якія цяпер маюць большасьць у Кангрэсе ЗША, няма ніякіх разыходжаньняў з адміністрацыяй Джорджа Буша і Рэспубліканскай партыяй адносна палітыкі ў дачыненьні да Беларусі, ‑‑ такую выснову зрабіў лідэр БНФ Вінцук Вячорка пасьля размовы ў Кангрэсе:

Вячорка: «Тут ёсьць кансэнсус. Адным з істотных пытаньняў пад час сустрэчы з новым кіраўніком Гэльсынскай камісіі Кангрэсу Элсі Гэстынсам як раз было гэтае пытаньне: ці што‑небудзь памяняецца ў палітыцы Беларусі пры новай дэмакратычнай большасьці ў Кангрэсе. Спадар Гэстынс запэўніў нас, што абсалютна нічога ня будзе мяняцца. Акт аб дэмакратыі ў Беларусі быў ініцыяваны, дарэчы, як рэспубліканцамі, гэтак і дэмакратычнымі дэпутатамі.

Спадар Гэстынс высока ацэньвае гэты акт».

Спадар Гэстынс, які быў на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі ў якасьці назіральніка, выказаў перакананьне, што з боку Расеі сёньня ідзе закручваньне гаек у дачыненьні да Беларусі, што не мае нічога супольнага з падштурхоўваньнем Беларусі да дэмакратычнага шляху разьвіцьця.

Адбылася таксама гутарка з былым амбасадарам ЗША ў Беларусі Майклам Козакам, які цяпер адказвае за пытаньні дэмакратыі, правоў чалавека і міжнародныя справы ў Нацыянальнай радзе бясьпекі.

Вячорка: «Амбасадар Козак гаварыў з намі пра сытуацыю ў Беларусі ў цэлым і ў дэмакратычных сілах. Бясспрэчна, што спадар Козак ня проста цікавіцца Беларусьсю, але робіць гэта з захапленьнем, ён любіць нашу краіну. Дарэчы, ён не здымаючы носіць бела‑чырвона‑белую бранзалетку».

Спадар Вячорка у Вашынгтоне прапаноўвае распрацаваць і шырока абнародаваць пазытыўную праграму дапамогі Беларусі пры ўмове выкананьня дэмакратычных патрабаваньняў ‑‑ амэрыканскі аналяг вядомага дакумэнту Эўракамісіі. Анатоль Лябедзька прапанаваў ініцыяваць слуханьні ў Кангрэсе па Беларусі ў сувязі з новай замежнапалітычнай і эканамічнай сытуацыяй. Ірына Казуліна заклікае ЗША зноў і зноў уздымаць пытаньне вызваленьня палітычных вязьняў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?