Прайшло амаль два гады, як Беларусь страціла аднаго з найвыдатнейшых паэтаў за ўсю гісторыю існавання беларускай літаратуры – Анатоля Сыса. Усё сваё творчае жыццё, увесь свой паэтычны талент Анатоль Сыс усклаў на алтар служэння Бацькаўшчыне, на алтар прышласці роднай Беларусі. Ягоныя прыжыццёвыя кнігі вершаў «Агмень», «Пан Лес» і «Сыс» складаюць залаты фонд айчыннай паэзіі.

Настаў час сплачваць даўгі перад памяццю вялікага паэта. Саюзам беларускіх пісьменнікаў разам з часопісам «Дзеяслоў» мінулай восенню на радзіме Анатоля Сыса ў вёсцы Гарошкаў на Гомельшчыне было арганізавана і праведзена першае свята паэзіі у гонар паэта пад назовам «Дух – гэта людзі я!..»

Кіраўніцтва Саюзу беларускіх пісьменнікаў лічыць, што гэтае свята павінна стаць штогадовым і традыцыйным. Зроблены першыя крокі на шляху ўшанавання памяці Анатоля Сыса. Так з 2007 года прэмія часопіса «Дзеяслоў» ў намінацыі «Дэбют» будзе насіць імя Анатоля Сыса. Напрыканцы мінулага года выдавецтва «Беларускі кнігазбор» выдала кнігу паэта пад назовам «Лён». Гэта выданне ёсць выдатным паэтычным помнікам Анатолю Сысу. Але да астатняга часу застаецца неўпарадкаванай магіла паэта.

У сувязі з гэтым Саюз беларускіх пісьменнікаў абвяшчае конкурс на лепшы надмагільны помнік Анатолю Сысу. Па ўмовах конкурсу: у кампазіцыі помніка абавязкова павінны прысутнічаць Крыж, як галоўны хрысціянскі і паэтычны сімвал паэзіі Анатоля Сыса.Тэрмін дзеяння конкурсу да 1 траўня 2007 года. Эскізы, праекты помнікаў будуць прымацца да разгляду аргкамітэтам па ўшанаванні памяці Анатоля Сыса, які месціцца па адрасе: г. Мінск, вул.Фрунзе, 5, п. 307.

Адначасова аргкамітэт абвяшчае збор сродкаў на выкананне і ўсталяванне надмагільнага помніка Анатолю Сысу.

Кантактныя тэлефоны: 294‑03‑48; 768‑56‑14.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0