Швецыя гатова падзяліцца сваімі напрацоўкамі ў галіне энергетыкі, інтарэс да развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю ў гэтым напрамку ёсць. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол нашай краіны ў Каралеўстве Швецыя Андрэй Грынкевіч.

Паводле яго слоў, энергетыка — найбольш перспектыўны напрамак узаемадзеяння нашых краін. Швецыя дасягнула вялікіх поспехаў у выкарыстанні мясцовых аднаўляльных крыніц энергіі. Гэта краіна з’яўляецца адным з сусветных лідэраў у галіне энергетычнай эфектыўнасці і значную ўвагу надае ахове навакольнага асяроддзя.

«З улікам рэалізацыі ў Беларусі праграмы дыверсіфікацыі энергетычных паставак і павелічэння працэнта выкарыстання мясцовых і аднаўляльных крыніц энергіі (да 2012 года гэты паказчык павінен дасягнуць 20?25 працэнтаў), безумоўна, супрацоўніцтва са Швецыяй мае вялікі інтарэс», — сказаў дыпламат.

Ён адзначыў, што Швецыя пачала паступовы перавод часткі сваіх аўтатранспартных сродкаў на біяэтанол. У бліжэйшыя 20 гадоў яна мае намер поўнасцю адмовіцца ад выкарыстання нафты і нафтапрадуктаў у сваёй эканоміцы.

Швецыя выступае за скарачэнне выкарыстання атамнай энергетыкі, але тым не менш атамныя электрастанцыі ў краіне пакуль прадаўжаюць працаваць.

Цяпер адносіны Беларусі і Швецыі ў галіне энергетыкі актыўна развіваюцца. На рэгулярнай аснове адбываецца абмен візітамі паміж спецыялістамі і экспертамі. У 2006 годзе адбылося некалькі візітаў беларускіх дэлегацый у Швецыю, у тым ліку на ўзроўні намесніка міністра энергетыкі.

У канцы сакавіка запланавана паездка дэлегацыі пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Цімашпольскага. Асноўная ўвага будзе нададзена вывучэнню шведскага вопыту выкарыстання мясцовых і аднаўляльных відаў паліва, паведаміў Андрэй Грынкевіч.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?