На 77‑м годзе жыцьця пасьля працяглай хваробы адышоў філёзаф Жан Бадрыяр.

У першай частцы «Матрыцы» хакер Нэа адкрывае кніжку Бадрыяра «Сымулякры ды сымуляцыя», што сама выяўляецца падробкай — сховішчам для кампутарнага дыску. Здаецца, у гэтым эпізодзе месьціцца болей жаданьня рэжысэраў выказаць падзяку францускаму філёзафу, чым жаданьня зграбна прыадкрыць карты. У выніку ўплыў Жана Бадрыяра на сусьветны інтэлектуальны клімат выявіўся настолькі вялікім, што зьяўленьне блакбастэра, які збольшага абавязаны сваім існаваньнем ягоным кнігам, — усяго толькі яшчэ адзін парадокс сучаснасьці, адзін сярод многіх іншых, прэпараваных у ягоных працах.

Іншым парадоксам можна лічыць тое, што ён не ўважаў сябе за філёзафа, адносячы сваю дзейнасьць хутчэй да вобласьці літаратуры, журналістыкі, публіцыстыкі.

Да паэзіі, можам дадаць. Раздражнаючы крытыкаў сваёй невыразнасьцю, легкадумным выкарыстаньне тэрмінаў фундамэнтальных навук, Бадрыяр шукаў мову, якая зацягвала б чытача ў працэс філязафаваньня, выводзіла б з раўнавагі, падштурхоўвала б да высноваў ня так рацыянальнага, як эмацыйнага ды інтуіцыйнага кшталту: «Пустэльня — гэта натуральнае пашырэньне нутраной цішы цела. Калі мова, тэхніка, збудаваньні чалавека ёсьць распаўсюдам ягоных канструкцыйных здольнасьцяў, дык толькі пустэльня ёсьць распаўсюдам ягонай здольнасьці да адсутнасьці, ідэальны вобраз ягонай зьніклай формы».

Нарадзіўшыся ў 1929 г., да падзеяў 1968‑га ён падышоў ужо сталым чалавекам і навукоўцам — вывучаў і выкладаў нямецкую мову, абараніў доктарскую дысэртацыю, якая потым ператварылася ў кнігу «Сыстэма рэчаў», пазьней займаўся сацыялёгіяй, выкладаў у Парыскім унівэрсытэце. Ва ўсялякім разе для барыкадаў ён быў занадта іранічны аддалены, хоць ягоныя ідэі пра татальную сымуляцыю рэальнасьці, пра мэдыйныя спэктаклі, у якія ператварылася сучасная палітыка, знайшлі б водгук сярод студэнтаў, што пісалі на сьценах «Ежце багатых». Зрэшты, наступная ягоная праца «Грамадзтва спажываньня», што выйшла ў 1970 г., мела яскравы адбітак тых падзеяў.

Шырокую міжнародную вядомасьць сярод людзей, далёкіх ад інтэлектуальных штудый, Бадрыяр набыў пасьля апэрацыі «Бура ў пустэльні» дзякуючы свайму парадаксальнаму камэнтару «Вайны ў Затоцы не было».

Уражаны грандыёзнай мэдыякампаніяй, відэакамэрамі, усталяванымі на баявых ракетах, бясконцай плыньню навінаў CNN, Бадрыяр прыйшоў да высновы, што значэньне ў сучаснай вайне маюць не праўдзівыя перамогі, але іхнае асьвятленьне ў мэдыях, бо для грамадзтва існуе толькі тое, пра што гавораць. Тэза падалася надуманай і выклікала масу крытыкі, стаўшы яшчэ адным доказам пагарды францускай філязофскай школы да «аб’ектыўнай рэальнасьці». Аб’ектыўнасьць сапраўды выклікала сумнеў — перадусім у самога Бадрыяра, для якога заўсёды два плюс два было чатыры плюс той, хто лічыць. Ня менш клопату ўчынілі ягоныя камэнтары ды 11 верасьня ды вайне з тэрарызмам.

77 гадоў — дастатковы сёньня тэрмін, каб Бадрыяр пасьпеў стаць жывым клясыкам. Зь ягонай сьмерцю Францыя панесла незаменную страту — філязофія для французаў нацыянальны набытак, яе вывучаюць у сярэдніх школах. Як бы там ні было, слова «сымулякр» ведаюць усе. Чытачом жа застаецца — залежна ад перавагаў — асалода ці раздражненьне ад ягоных кніг. А таксама сумная нагода паразважаць над словамі Бадрыяра, які пісаў пра тое, што «сьмерць, бадай, адзінае, што ня мае спажывецкай каштоўнасьці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?