Лідэр апазыцыі сёньня сустрэўся з дэлегацыяй вярхоўнага камісара ЭЗ у пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі Хаўера Саляны. У склад дэлегацыі ўваходзілі Хельга Шміт і Пірка Тапіёла.

Галоўнай тэмай сустрэчы сталася пытаньне ўзаемадачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Мілінкевіч зьлёгку скрытыкаваў палітыку Эўропы ў дачыненьнях да афіцыйнага Менску. Ён сказаў, што Эўропа часам магла б быць больш рашучай у беларускіх пытаньнях, а не праводзіць своеасаблівую палітыку абачлівасьці, як цяпер.

Аляксандар Мілінкевіч перакананы, што дыялёг між беларускімі ўладамі і Эўропай можа адбыцца толькі пасьля таго, як афіцыйны Менск выканае ўсе патрабаваньні Эўразьвязу. «Трэба верыць рэальным справам, а не пустым запэўніваньням», — адзначыў Мілінкевіч. Але пакуль на ягоны погляд такія тэндэнцыі не назіраюцца. Галоўнай умовай пачатку дыялёгу Мілінкевіч назваў вызваленьне палітвязьняў. Мілінкевіч праінфармаваў эўрачыноўнікаў пра новыя палітычныя крымінальныя справы Кастуся Лукашова і Дзяніса Дзянісава.

Таксама Мілінкевіч перакананы, што сапраўды эфэктыўным дыялёг можа быць толькі ў тым выпадку, калі ў ім возьмуць ўдзел прадстаўнікі беларускай апазыцыі.

Хэльга Шміт і Пірка Тапіёла ў сваю чаргу запэўнілі, што эўрапейская супольнасьць зь вялікай цікавасьцю будзе сачыць за падзеямі ў Менску 25 сакавіка. Менавіта ад гэтага дня ў многім і будзе залежыць далейшая палітыка ЭЗ да Беларусі. Дыпляматы дэкляравалі сваю падтрымку беларускаму незалежнаму грамадзтву. Таксама эўрачыноўнікі заклікалі беларускую апазыцыю як мага хутчэй пераадолець разлад у сваіх шэрагах і нарэшце рэальна аб’яднацца дзеля дасягненьня сваіх мэтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?