— Ну што, раскайваемся? — намесьнік начальніка спэцкамэндатуры выпрабоўна прымружыўся, узважыў на руцэ маю «Асабовую справу» з аркушыкам атэстацыі на ўмоўна‑датэрміновае вызваленьне і агледзеў прысутных чальцоў камісіі. — Прызнаём віну, становімся на шлях выпраўленьня — і на свабоду, так сказаць, з чыстым сумленьнем…

Прагучала двухсэнсоўна — нібыта самі міліцыянты сабраліся перад судом ды вырашаюць прызнавацца ў парушэньнях закону.

Давялося нагадаць «жандару», што менавіта пытаньне аб пакаяньні будзе першым, якое незалежны суд у дэмакратычнай Беларусі задасьць усім супрацоўнікам «органаў», што ўдзельнічалі ў палітычных рэпрэсіях у пэрыяд дыктатуры.

І з маральнага, і зь юрыдычнага гледзішча пакаяньне — кульмінацыйны момант у драме злачынства і пакараньня. Мяжа. Маладафронтаўцам, якіх нядаўна арыштаваў КДБ, гэтаксама прапаноўвалі напісаць пакаянныя лісты. Зь іншага боку, з пакаяньня, ужо перад сябрамі, пачаў «агент «Вэктар», студэнт праграмы Каліноўскага.

Цяпер у Беларусі багата кажуць пра нацыянальнае яднаньне, супольную абарону незалежнасьці, супрацоўніцтва апазыцыі ды ўлады. Справа, як паказвае досьвед «Салідарнасьці», гістарычна апраўданая — і найлепш з усіх гэта сфармуляваў у сваім вядомым лісьце Аляксандар Мілінкевіч.

Так, разбойнік сапраўды можа раптам зрабіцца праведнікам, разбуральнік дзяржавы — яе будаўніком, а былы фарысэй — апосталам. Уся Біблія й гісторыя хрысьціянства сьведчаць не адно пра магчымасьць, але і пра пэўную заканамернасьць падобных ператварэньняў. Урэшце, кожны грэшнік, прымаючы Ісуса Хрыста, атрымлівае ачышчэньне ад граху… і права на Валадарства Нябеснае. Ёсьць толькі адна ўмова — Пакаяньне. Шчырае, ад сэрца. І — дзея, што пацьвярджае такую шчырасьць: «Прынясеце ж годны плод пакаяньня!» (Мацьвея 3:8). У іншым выпадку гэта гульня або ваенная хітрасьць, якая рана ці позна вядзе да краху.

Заўважце, у розных інтэрвію для эўрапейцаў нейкае падабенства прызнаньня віны (маўляў, наша памылка — ляцелі на адным крыле) гучыць. Хаця бясконцыя скандалы, прапагандысцкі бруд і Дразды вымагалі б яўна чагосьці грунтоўнейшага. А вось пакаяньня перад уласным народам — нават не канкрэтнага спавяданьня ў злачынствах (таптаньне закону, фальсыфікацыі, зьнікненьні, рэпрэсіі, русіфікацыя, прыніжэньне беларускай мовы й культуры, апраўданьне бальшавізму й г.д.), а хоць бы агульнага — «Даруйце, людзі!» — Беларусь дагэтуль так і не дачакалася.

«Адліга», паварот, эўрапеізацыя? Ані.

Няма пакаяньня? Ня веру.

А калі не зьбіраецца каяцца ўлада — перад Богам мусіць прасіць прабачэньня за грахі ўся нацыя. Беларусь без пакаяньня за злачынствы рэжыму асуджаная на паўтарэньне рабства ды хамства, хіба што ў розных формах. Самому беларускаму грамадзтву ёсьць у чым каяцца за апошнія 13 гадоў. Маўклівая згода зь беззаконьнем. Патураньне злу. Лянота. Абыякавасьць. Адчай. Збаўленьне ад раку дыктатуры нават не ў судох ды люстрацыях, а менавіта ў духоўным ператварэньні народу: «Бо смутак дзеля Бога прыносіць нязьменнае пакаяньне на збавеньне, а смутак зямны чыніць сьмерць» (ІІ да Карынцянаў 7:10).

Узор усенароднага пакаяньня — другая палова 1940‑х гадоў у Нямеччыне. «Ніколі больш!» — аднадушна вырашылі немцы пасьля жудасьцяў нацызму. Касьцёлы й кірхі былі перапоўненыя. Адраджэньне разгромленае краіны, фэномэн магутнае нямецкае хрысьціянскае дэмакратыі ды нават ідэя аб’яднаньня Эўропы — адтуль.

Нацыянальнае пакаяньне ў свой час перажывалі ангельцы ды італьянцы, палякі ды японцы. Хвалі пакаяньня (такога, як пасьля Вялікай дэпрэсіі або віетнамскай вайны) ад часу да часу пракочваюцца па ЗША — што перадвызначае духоўныя, а далей і палітычныя, эканамічныя й культурныя ўздымы Амэрыкі. Уся гісторыя народу ізраільскага, апісаная ў Старым Запавеце, — гэта чаргаваньне духоўных заняпадаў, народнага пакаяньня — і наступнага росквіту.

Але калі пачынаеш размаўляць зь беларусамі Сітна пра пакаяньне, сутыкаесься з насьцярожаным і знэрваваным неразуменьнем: «Каяцца?.. Нам?! А за што?..» Бязбожжа, эпідэмія «максімкі», недагледжаныя дзеці, развал гаспадаркі?.. Разводзяць рукі ў бокі: «Жысьць такая».

Не зьмяніўшы людзей, мы ня зьменім Беларусі. Сэнс пераменаў — не ў перабудове сыстэмы ўлады ці развароце замежна‑палітычнай арыентацыі, а ў перамене людзкіх сэрцаў. У веры, любові, маральнасьці й адказнасьці, якія выплаўляюцца ў сьлязох пакаяньня.

Нацыянальнае пакаяньне — брама нацыянальнага абуджэньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?