Дэлегацыя Эўразьвязу, накіраваная вярхоўным прадстаўніком Зьвязу ў пытаньнях вонкавай палітыкі і бясьпекі Хавіерам Салянам, гэтымі днямі вывучае сытуацыю ў Беларусі.
Сам спадар Саляна, сустракаючыся сёньня з журналістамі ў Брусэлі, заявіў наступнае :
“Я мяркую, што мы , імаверна, маем некаторыя магчымасьці наладзіць ці распачаць пэўныя адносіны з Лукашэнкам, з Беларусьсю”.
Спадар Саляна сказаў, што вынікі візыту ягоных прадстаўнікоў у Менск будуць аналізавацца пасьля гэтых выходных.
Наш карэспандэнт у Брусэлі са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы перадае, што візыт прадстаўнікоў Хавіера Саляны адбыўся пасьля кантактаў паміж вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу ў пытаньнях вонкавай палітыкі і бясьпекі і беларускім міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым.