Былыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў і Сяргей Скрабец 12 сакавіка падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне шэсьця ў гонар Дня яднаньня народаў Беларусі і Расеі 2 красавіка. Палітыкі папрасілі ў Менгарвыканкаме дазволу на шэсьце ад Палацу Рэспублікі да парку імя Горкага і сьвяточны канцэрт у самім парку.

Сяргей Скрабец наступным чынам пракамэнтаваў гэтую падзею: «Галоўная мэта акцыі 2 красавіка – спыніць гэтую палітыку вайны, якую вядзе беларуская ўлада з братняй нам Расеяй. У нашых народаў ня мусяць быць дрэнныя адносіны, нашы народы не павінны пакутаваць ад таго, што кіраўнікі дзяржаваў ня могуць дамовіцца між сабой. Я лічу, што таксама правядзеньне гэтай акцыяй мы будзем ставіць у дакор і беларускай апазыцыі, якая фактычна аб’ядналася з уладай у антырасейскай палітыцы. Я лічу, што на дадзены момант не існуе пагрозы беларускай незалежнасьці, а існуе пагроза лукашызму. Пра гэта самае ў турме казаў мне і Аляксандар Казулін. Мы мусім сябраваць з Расеяй, для таго і ладзіцца гэтая акцыя».

Выказаў свой пункт погляду і генэрал Валер Фралоў:

«Нам проста трэба разабрацца, ці было насамрэч аб’яднаньне, трэба высьветліць урэшце, што нас аб’ядноўвае, а што разьядноўвае. Расея заўсёды аказвала дапамогу Беларусі, прычым рабіла гэта сыстэмна і рэгулярна, у адрозьненьне ад ЗША ці Эўропы. Бяда ў тым, што беларускія ўлады ня могуць эфэктыўна скарыстацца з гэтай дапамогі. У мяне зьявілася адчуваньне, што ў Расеі пачынаюць мяняцца погляды, што да Беларусі. Расеі ў выглядзе Беларусі патрэбен моцны і незалежны хаўрусьнік, а не краіна зь непрадказальным кіраўніком. Мне сьмешна, калі зараз пачынаюць крычаць, што Расея мае нейкія імпэрскія амбіцыі і ўсё такое, я думаю, што замежная палітыка гэтай краіны становіцца з кожным годам усё больш прадуманай і глыбокай. Нас аб’ядноўвае супольная гісторыя, эканоміка і багата што яшчэ. Учора я тэлефанаваў некаторым сябрам-палітыкам у Расеі, яны згодныя падтрымаць нашу ініцыятыву, але пакуль рана называць нейкія прозьвішчы. Наша акцыя ня ёсьць дакорам працы так званай «традыцыйнай апазыцыі», у ёй таксама шмат разумных і разважлівых хлопцаў. Наша акцыя не спадабаецца хіба што толькі пэўным правадырам апазыцыі, якія, я лічу, не да канца самастойныя ў сваёй палітыцы. Я размаўляў зь Ляўковічам і Ўхналёвым, дык яны схіляюцца, каб падтрымаць нас 2 красавіка. Ніякіх новых прарасейскіх рухаў ня будзе, яны проста ўжо ўсім надакучылі. І я ствараў багата рухаў, і Мілінкевіч стварае, і Лябедзька. Толку ад іх мала, таму нічога новага ствараць ня будзем. Пакуль цяжка сказаць наколькі масавай будзе гэтая акцыя, але праца па гэтым накірунку вядзецца. Дакладна скажу, што будуць прынагодныя налепкі і ўлёткі. Разам з тым, на жаль, мушу канстатаваць, што шмат у каго, асабліва з маладзейшых, наша прапанова сутыкнулася зь неўразуменьнем, але будзем працаваць і зь імі».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?