Былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч у гутарцы з карэспандэнтам «Нашай Нівы» падзяліўся сваім бачаньнем бягучых палітычных падзей і рашуча падтрымаў Мілінкевіча.

«Наша Ніва»: Чаму да гэтага часу Вы не занялі актыўную пазыцыю адносна правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў?

Станіслаў Шушкевіч: Я займаю вельмі актыўную пазыцыю па гэтаму пытаньню, як і па многіх іншых, але не праз СМІ. Да сёньняшняга часу я імкнуўся пазьбягаць крытыкі аб’яднанай апазыцыі, бо лічу непрыстойным нападаць на тых, хто змагаецца зь цемрашальствам улады. Цяпер жа настаў той момант, калі маё цярпеньне скончылася, бо дзеяньне пэўных асобаў у апазыцыі я не магу трактаваць інакш як контрапрадуктыўныя ў адносінах да ідэалаў, за якія мы змагаемся.

«НН»: Што зьмянілася ў аб’яднанай апазыцыі ад часу першага Кангрэсу?

СШ: Мінулы Кангрэс быў сапраўды дэмакратычным, бо ў ім удзельнічалі тыя, хто перамаглі на рэгіянальных выбарчых сходах. Улада проста шалела, перашкаджаючы правядзеньню такіх сходаў. Але дэлегаты ўсё адно былі абраныя, і яны атрымалі права прадстаўляць дэмакратычныя сілы. Той Кангрэс меў цалкам празрыстую структуру, таму туды не маглі патрапіць «свае» людзі. Цяпер жа ніякага абраньня дэпутатаў няма. Працы зь людзьмі па правядзеньню Кангрэсу так мала, што няма аб чым гаварыць. Мы пачалі ўводзіць самі сябе ў зман, калі абіраем дэлегатаў Кангрэсу шляхам збору подпісаў. Мне сорамна бачыць жаданьне некаторых палітыкаў бачыць на Кангрэсе як мага больш «сваіх» людзей. І мне зразумелы крык душы Аляксандра Мілінкевіча. Гэта актуальна, бо мы страчваем сваю маральнасьць, калі пачынаем дзейнічаць мэтады уладнай вэртыкалі. Замест рэальнай падрыхтоўкі да Кангрэсу мы бачым поўную палітычную інфантыльнасьць.

«НН»: Вы падтрымліваеце ідэю ратацыі лідэраў апазыцыі?

СШ: Мне здаецца, што многія ў стане апазыцыі не чакалі такога хуткага росту рэйтынга Аляксандра Мілінкевіча. Гэта і стала для многія непрымальным. Яны забыліся, што менавіта да гэтага мы ўвесь час і імкнуліся, што папулярнасьць лідэра ніяк перашкаджае рэалізацыі праграм палітычных партый, грамадзкіх аб’яднаньняў. Нягледзячы ні на што Мілінкевіч і сёньня мае падтрымку большасьці сяброў Палітрады. Мілінкевіч умее слухаць і рабіць з гэтага высновы, ён ніколі ня здраджвае сваім прынцыпам. Яго пазыцыі не атрымліваецца пахіснуць, як бы гэта не спрабавалі зрабіць некаторыя суб’екты, якія да гэтага часу не падпісалі дакумэнтаў аб’яднаных дэмакратычных сілаў, але запрашаюцца на Палітраду. Я лічу Мілінкевіча лідэрам апазыцыі і ня бачу падставаў для яго зьмены.

«НН»: На ваш погляд, ці дастаткова актыўна праходзіць падрыхтоўка да сьвяткаваньня Дня Волі?

СШ: Мне здаецца, што досыць актыўна. Найперш гэта заслуга Аляксандра Мілінкевіча і Партыі БНФ, яны надалі сьвяту добрую афарбоўку. Лічу вельмі ўдалым крокам накіраваньне шматлікіх лістоў з запрашэньнем на 25 Сакавіка ў замежжа. Мілінкевіч растлумачыў людзям, што ён зьвярнуўся да ўладаў, каб яны дазволілі гэтае сьвята. Ён зьвярнуўся і да Лукашэнкі, хаця я ня вельмі ўхваляю гэты крок. Але, калі раптам пачнуцца затрыманьні, і людзі запытаюцца чаму мы не зьвярнуліся да ўлады, то будзе канкрэтны адказ. Аднак дастукацца да Лукашэнкі ў гэтай сытуацыі проста нерэальна. Цяжка пакуль сказаць як будзе рэагаваць улада. Думаю, што яна не дазволіць правядзеньне Дня Волі ў прыстойным месцы, калі дазволіць увогуле. Трэба берагчы сябе ад розных правакацыяў.

Калі нехта захоча прыйсьці на плошчу з чырвона‑зялёным сьцягам, то ня трэба гэтых людзей адкідваць. Думаю, што удзел у акцыі могуць прыняць многія. Раскажу вам прыклад з уласнай сям’і. У мяне шмат пляменьнікаў, унучатых пляменьнікаў, дык яны ўсе зьбіраюцца ісьці на гэтую акцыю. Спадзяюся, што надвор’е будзе спрыяць людзям, таму, думаю, што акцыя будзе масавай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?