У Беларусі будуць удасканалены адміністратыўныя працэдуры. Менавіта з гэтай мэтай пачаўся праект Праграмы развіцця ААН. Каб навучыць чыноўнікаў эфектыўна ўзаемадзейнічаць з грамадзянамі, выдаткоўваецца 150 тыс даляраў.

За ўдасканаленне адміністратыўных працэдураў узяўся Нацыянальны цэнтр законапраектнай дзейнасці пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Арганізатары лічаць праект своечасовым. Барацьба з карупцыяй і бюракратызмам доўгі час з’яўляецца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі, аднак эфектыўных механізмаў узаемадзеяння чыноўнікаў і грамадзянаў так і не было выпрацавана.

Паўтары гады таму быў падпісаны Указ прэзідэнта №432, скіраваны на ўкараненне прынцыпу «аднаго акна». Гэта прынцып мусіў палепшыць працу дзяржаўных органаў з грамадзянамі і спрасціць выдачу разнастайных даведак і дакументаў. Аднак, на думку менеджэра праекта Праграмы развіцця ААН Дзмітрыя Фрышчына:

«спробы ўкараніць так званы прынцып «аднаго акна» не заўжды эфектыўныя. Калі мы кажам пра мясцовы ўзровень, то бок пра стасункі мясцовых уладаў з насельніцтвам, то тут не заўжды маецца разуменне гэтага прынцыпу».

Новы праект прапануе інавацыйны падыход да беларускага заканадаўства. Арганізатары абяцаюць цягам двух год распрацаваць праект закона аб адміністратыўных працэдурах, які будзе арыентаваны на дасягненне празрыстасці працы дзяржаўных служб і максімальна адпавядаць патрэбам шэраговых грамадзянаў.

Паводле Дзмітрыя Фрышчына, дзякуючы праекту, у Беларусі будзе здзейсненая «рэформа адміністратыўных працэдураў. Не сама адміністратыўная рэформа, калі разумець пад гэтым перабудову дзяржаўных органаў. Але рэформа адміністратыўных працэдураў, то бок спрашчэнне ўзаемадзеяння паміж грамадзянамі і дзяржаўнымі органамі».

Дзмітрый Фрышчын падкрэслівае, што вельмі важна не толькі падрыхтаваць добры закон, але і навучыць чыноўнікаў яго выконваць. З гэтай мэтай каля сотні прадстаўнікоў органаў дзяржкіравання будуць вывезеныя ў Еўропу. У лік краінаў, куды паедуць супрацоўнікі дзяржаўных установаў для пераймання паспяховага досведу, трапіла і Нямеччына.

«Мы плануем задзейнічаць Нямеччыну ў дадзеным праекце і дастаткова шчыльна ўзаемадзейнічаць. Для вывучэння ўкаранення адміністратыўных працэдураў Нямеччына з’яўляецца той краінай, якая можа паказаць Беларусі паспяховыя практыкі. Мы плануем зладзіць адукацыйны тур для прадстаўнікоў мясцовага кіравання і самакіравання менавіта ў Нямеччыну», — адзначыў кіраўнік праекта Дзмітрый Фрышчын.

Дарэчы, беларускія чыноўнікі павінны будуць прадаставіць справаздачы аб тым, якім чынам яны выкарыстаюць атрыманы досвед пры выкананні сваіх службовых абавязкаў. Так што ў хуткім часе спраўдзіць эфектыўнасць праекта ААН здолее любы грамадзянін, які сутыкнецца з адміністратыўнымі працэдурамі ў дзяржаўных установах.

Сабіна Бяляева, Deutsche Welle

Фота Сяргея Харэўскага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0