Пасля некалькіх гадоў маўчання ў Беларусі зноў аднавіліся размовы пра закон «Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой».

Беларусь зноў зацікавілася сваёй дыяспарай. Ці надоўга?

А я хачу вернуцца ў Беларусь. Хаця ў маім выпадку хутчэй пасуе слова «рэпатрыявацца», бо амаль што ўсё жыцьцё я пражыў далёка ад Беларусі, ніколі ня быў беларускім грамадзянінам і нават не нарадзіўся ў Беларусі.

Па маіх назіраньнях, 95% людзей у маёй сытуацыі (а нас такіх тысячы і дзясяткі тысячаў) даўно забыліся на сваё беларускае паходжаньне. Але ў гэтых самых пяці адсоткаў у нейкі незаўважаны момант у галаве нешта шчоўкнула, і — switch! — з кокану звычайнага расейскага дзіцяці зьявіўся нацыянальна сьвядомы беларус.

У дзяцінстве нехта з бацькоў штолета цягаў яго ў далёкую нудную напаўзурбанізаваную вёску да бабы і дзеда. Там пасярод тасклівага квохчаньня кураў зьяўляліся нейкія сябры, якія потым губляліся, спрабавала глядзецца дзіўная правінцыйная беларускамоўная «Калыханка» замест любімых «Спокойной ночі, малыші», еліся дранікі і бабка замест звыклай маннай кашы. Доўга‑доўга беглі бясконцыя нецікавыя леты ў вёсцы, за кніжкамі па літаратуры, нуднымі гульнямі зь мясцовай дзетварой. Але да першага верасьня доўгачаканае вяртаньне дадому ў Маскву ці Санкт‑Пэтэрбург, у родную двухпакаёвую кватэру ў спальным прадмесьці, родную школу з «рэпэрамі» і «мэталістамі».

Потым дзядуля і бабуля паміралі, хата ў вёсцы прадавалася, і болей у Беларусь не прыяжджалася — хіба што на якія імяніны да сваякоў у Менск. І вось у адзін такі прыезд дзіця па незразумелай яму самому прычыне просіць мамку купіць майку з чырвона‑зялёным сьцягам, у якой яно потым ходзіць красуецца па школе сярод неразумеючых і ўсьміхаючыхся піцерскіх сваіх сяброў.

Праходзіць час, дзіця расьце. Яно перастае саромецца свайго дзіўнавастага, «жыдоўскага», як тое моўчкі думае клясная кіраўніца, прозьвішча пасьля таго, як даведваецца, што прозьвішча належыць старажытнаму шляхецкаму роду, вядомаму з Грунвальдскай бітвы.

Дзіўная знаходка на лецішчы сярод старой макулятуры: кніжка па гісторыі БССР, выданьне 1980 года. Штось з часоў, калі нехта з бацькоў паступаў ва ўнівэрсытэт. Зь цікаўнасьцю разглядаюцца жоўтыя старонкі на знаёмай, зразумелай, але чужаватай мове, з забаўленьнем кавалкі тэксту зачытваюцца бацькам, якія сьмяюцца і кажуць не займацца глупствам.

Тата праводзіць дадому інтэрнэт для працы, але дзіця сядзіць там куды больш за яго. Яно знаходзіць сваё прозьвішча на беларускім шляхецкім форуме, адкуль лінк вядзе далей і далей, матэрыял палівае і палівае вадою ўзыходзячае зярнятка. «Наша Ніва», «Радыё Свабода», «Гегарух», «Беларуская салідарнасьць». Беларуская мова апыноўваецца не такой ужо і складанай для чытаньня, mp3 з NRM апыноўваецца ня так складана знайсьці праз e‑mule.

І вось, чалавек пачынае лацінкай весьці свой ЖЖ. Вось ён знаходзіць сайт maskva.net і перапісваецца з аднадумцамі на ламанай, але чым далей, тым больш упэўненай беларускай мове. Вось ён упершыню прыходзіць у пятніцу ў кафэ «Граблі» на беларускую тусоўку.

Ён дамаўляецца з сваімі сябрамі і ўпершыню едзе ў Менск — і дэвіртуалізоўваецца ня толькі зь дзясяткам жж‑фрэндаў, але з цэлай краінай, з цэлай нацыяй, якая стаіць перад яго вачыма пад бел‑чырвона‑белымі штандарамі на Кастрычніцкай плошчы 19 сакавіка 2006 года. Зь ягонай новай краінай, ягонай зноў здабытай Бацькаўшчынай, вяртаньня куды ён адгэтуль будзе прагнуць і чакаць да самога скону дыктатарскага рэжыму.

Такіх людзей няшмат, але яны ёсьць. І яны хочуць, мы хочам быць Беларусьсю. Будзе магчымасьць — будзе Беларусь мець нас грамадзянаў. Ня будзе — станецца большасьць з нас празь дзясятак гадоў звычайнымі расейскімі абываталямі. Абрасьцем сем’ямі, расейскамоўнымі дзецьмі, маёмасьцю, бізнэсам, справамі. І рэдкімі вечарамі будзе раптам сэрца слаба чуць нейкі зоў, будзе цягнуцца рука да слухаўкі патэлефанаваць старым, два гады ня бачаным сябрам з маскоўскага ТБК, будуць пальцы набіраць URL масквы.нэт: «а што там новага робіцца…?»

Алесь Чайчыц, Блоґ «Позірк»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0