У тую большую частку году, калі ў сіценскіх лясох няма ані грыбоў, ані ягадаў, ані шышак, што здаюць тутэйшаму лясьніцтву на семяно, у паспалітага люду застаецца толькі адзіны занятак, цікавы й прыбытковы адначасова. Рыба. Бліскучыя манэткі лускі прабліскваюць то ў траве, то ў вопратцы, то ў валасох; зімою лёд на кожнай сажалцы ў лунках; штодня размовы пра тое, ці бярэцца. Мой кот Партызан можа пацьвердзіць, што пах сьвежае рыбы канкуруе ў Сітне хіба што з пахам драўніны ды перагарам.

Сітна — месца рыбнае. Вакол лясныя азёры, рэчкі, сеткі пратокаў, ціхіх ды глыбокіх, — тысячу гадоў таму па Палаце ішла адна з галінак шляху «з варагаў у грэкі». Ловяць шчупака, ляшча, акуня, ліня; бывае, заходзіць зь Дзьвіны судак. У азёрах шыюцца ў глей залатыя карасі — вялізныя, памерам на патэльню. І хоць посту тут не трымаюць, рыба перад Калядамі ды пасьля Масьленіцы на стале часьцей за якое мяса.

Чым ловяць? Вядома, вуда тут — забаўка хіба што для дзяцей ды «дзеля душы» (калі галоўнае — сам працэс). Гарадзкія, што прыяжджаюць адпачываць з Полацку, зазвычай бяруць з сабою сьпінінг. Найбольш жа пашыраная снасьць — сеткі розных гатункаў. Нераты, крыгі, браднікі, «павукі». Бывае, грабуць так, што вада па Палаце сплывае ажно чорная. А калі глушаць электравудай ці выбухоўкай — ад белае лускі рабаціць уваччу. Падчас нерасту перагароджваюць гарлавіны пратокаў… Словам, браканьерства квітнее. Для любога прыхадня спроба памыць боты ў возеры ля вёскі можа скончыцца руляй паляўнічай стрэльбы з хмызьняку і камандай: «Ану, стаяць, рукі ўгору! Ты сеткі ставіў, што іх вымаць лезеш?!».

Мясцовыя мужыкі згадваюць рыбалоўныя наезды ў Расею, аддзеленую ад Беларусі толькі квартальнай прасекай, ды клянуць дзікасьць тамтэйшых інспэктараў («грошай беларускіх не бяруць, толькі гарэлку»).

У Алёшчы, Сітне ды навакольных хутарох за рыбнай юшкай вам абавязкова распавядуць гісторыю ў духу гэмінгўэеўскага «Старога і мора», пра Шчупака ў чалавечы рост, які ўсплываў то ў сіценскім Ізмоку, то ў Чарбамысьле, то вунь пад самым мостам цераз Палату і важыў то 10 кг, то пуд, а то і паўтара. Гэткая адвечная чалавечая мара. «Во! — паказваюць, — трымалі, падымалі, — мераюць зь сябе ростам, — во такі!!!».

Раскажуць, як цягнулі з усяе сілы, да сутаргаў, як лёска ў кроў рэзала далоні. Як ірвалася, шалёна білася гіганцкая рыбіна, як ледзь не звалакла з сабою ў ваду, як шчэрыла зубы, і хапала паветра, і зяхала, і павольна засынала на беразе.

Дзесьці агромністага шчупака секлі на кавалкі, бо не пасілелі сьцягнуць цалкам, дзесьці й гатавалі ля вады, на вогнішчы, дзесьці трыюмфальна несьлі праз усю вёску. Сага пра тое, як вяскоўцы здабывалі кожны свайго Шчупака, іх праўда вартая Гамэра. І столькі жарсьці, столькі моцы й імпэту ў тых аповедах, так загараюцца вочы, такая хватка ў рухах рук, такая сакавітая, смачная мова бруіць і віруе — што пазнаеш, пазнаеш беларуса!

Наша родная водная стыхія, у якой продкі адчувалі сябе вальней, чым на зямлі, сфармавала людзей бязьмежнае цярплівасьці, трапяткога сэрца й засяроджанага сузіраньня — нацыю на беразе ў чаканьні ўлову. Увогуле, на сур’ёзнай і нясьпешнай рыбалцы заўважаеш у роздумах ды развагах тутэйшага люду мудрасьць ды глыбіню, пільнасьць ды трапнасьць, замілаваньне й пяшчоту —усё тое, чаго не змаглі вытрусіць, вынішчыць, разбурыць у беларусе ані акупанты, ані дыктатары.

І вось тады згадваеш словы, сказаныя 2000 гадоў таму гэткім жа простым рыбаком у глухім кутку айкумэны пад чужынскім панаваньнем, нашым Госпадам Ісусам Хрыстом: «Хадземце за Мною — і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў» (Мацьвея 4:19).

Веру, што і старажытная Полаччына, і сама Беларусь яшчэ зьявяць сьвету сілу веры й волі, стоеныя ў рыбаку‑беларусу. Што ў тутэйшага люду запаляцца вочы, вернецца спрыт, гарт ды азарт Усяслава Чарадзея, Францыска Скарыны ды Лява Сапегі — і будуць яны, як вучні Хрыста, лаўцамі людзей. Звычайных людзей у чалавечы рост — такіх самых беларусаў, расейцаў, украінцаў, эўрапейцаў.

І будзе гэта тады, калі, быццам паводка, падыме ўсе шматлюдныя плыні й віры ў сэрцы Эўропы беларускае нацыянальнае абуджэньне.

в.Малое Сітна

Павал Севярынец — у 1998—2004 лідэр незарэгістра‑ванага «Маладога фронту». Асуджаны за арганізацыю акцыяў пратэсту пасьля рэфэрэндуму 2004 году. Цяпер у высылцы ў Малым Сітне, на поўначы Полаччыны.




Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?