З сакавіка

Дзянісу Дзянісаву пагражае да трох гадоў зьняволеньня

Актывісту незарэгістраванай арганізацыі «Бунт» Дзянісу Дзянісаву пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі. Са словаў Дзянісавага адваката Пётры Каваленкі, хлопца вінавацяць паводле арт.342 (арганізацыя масавых беспарадкаў, што парушаюць грамадзкі парадак).

Адвакат кажа, што падзеі, якія фігуруюць у справе Дзянісава, адбыліся 18 чэрвеня 2006 г. у Віцебску. Тады група моладзевых актывістаў зь незарэгістраванай арганізацыі «Бунт» спрабавала правесьці апазыцыйную акцыю. Актывісты вывесілі бел‑чырвона‑белы сьцяг.

Крымінальную справу з нагоды ўдзелу Дзянісава ў гэтым эпізодзе завялі летась у кастрычніку. А затрымалі Дзяніса 16 лютага ў цягніку, што ехаў у Гомель. Спачатку актывіста трымалі ў Гомельскім сьледчым ізалятары, потым перавезьлі ў Віцебскі сьледчы ізалятар №2.

5 сакавіка

Бяз права на амністыю

Адміністрацыя шклоўскай турмы вынесла палітвязьню Зьмітру Дашкевічу чацьвёртае папярэджаньне. Гэтым разам — за тое, што ён чытаў пасьля адбою. Пра гэта стала вядома зь ліста Зьмітра да бацькоў. Паводле заканадаўства гэта азначае, што ў Дашкевіча няма шанцаў выйсьці на волю пасьля абвяшчэньня амністыі. Цяпер ён лічыцца злосным парушальнікам турэмнага рэжыму, які ня стаў на шлях выпраўленьня.

За кратамі малады чалавек ужо шэсьць месяцаў.

6 сакавіка

Левыя судзяцца зь Мін’юстам

Падчас паседжаньня Цэнтральнай рады Саюзу левых партыяў, у які ўваходзяць Беларуская партыя жанчын «Надзея», Партыя камуністаў беларуская і Беларуская сацыял‑дэмакратычная партыя (Грамада), прадстаўнікі партыяў вырашылі зьвярнуцца ў Вярхоўны суд Беларусі са скаргай на Міністэрства юстыцыі за адмову ў рэгістрацыі Саюзу.

Мін’юст вінаваціць левых у тым, што тыя ладзілі ўстаноўчы сход новай арганізацыі ва Ўкраіне, а не на тэрыторыі Беларусі.

Акрамя таго, кожная з трох партыяў атрымала афіцыйнае папярэджаньне за ўдзел ва ўстаноўчым сходзе. Першымі абскардзілі гэтае рашэньне камуністы.

7 сакавіка

Казуліну скасавалі адмысловы рэжым выхаду з галадоўкі

Адвакат Ігар Рынкевіч сустрэўся 7 сакавіка са сваім падабаронным, экс‑кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным у віцебскай калёніі №3. Са словаў адваката, рэжым выхаду з галадоўкі палітвязьню скасавалі. А.Казуліна, паводле Рынкевіча, перавялі на дыетхарчаваньне. У сувязі з гэтым адміністрацыя калёніі забараніла перадаваць яму прадукты ад сваякоў. Палітвязень вызвалены ад працы, а ў астатнім для яго ніякіх абмежаваньняў няма. Ён абавязаны наведваць усе ўнутраныя мерапрыемствы.

Менчукі патрабавалі вызваліць палітвязьняў

Каля сотні чалавек узялі ўдзел у акцыі, якая прайшла 7 сакавіка ў цэнтры гораду. Яе ўдзельнікі патрабавалі скасаваньня «палітычных» артыкулаў Крымінальнага кодэксу і вызваленьня людзей, асуджаных паводле гэтых артыкулаў. Людзі сабраліся на рагу вуліц Гарадзкі Вал і Няміга і прайшлі шэсьцем да турмы на вуліцы Валадарскага.

Рукі ўдзельнікі акцыі трымалі за галавой, а на вопратцы несьлі шыльды з нумарамі артыкулаў, паводле якіх асуджаныя вядомыя беларускія палітыкі, грамадзкія дзеячы і праваабаронцы. Калі калёна дайшла да турмы, шыльды былі кінутыя ў вогнішча, адначасова ўдзельнікі акцыі разгарнулі расьцяжку «Свабоду палітвязьням!» У часе акцыі нікога не затрымалі.

8 сакавіка

Непаўналетняга Антона Леванеўскага затрымалі за ўлёткі

14‑гадовага Антона Леванеўскага затрымалі на гарадзенскім рынку «Паўднёвы» з улёткамі. Яго пратрымалі каля 2 гадзінаў у Кастрычніцкім РУУС. Пратакол міліцыянты ня сталі складаць, а ад тлумачэньняў Антон Леванеўскі адмовіўся.

12 сакавіка

Па дарозе на мітынг затрымалі лідэраў прадпрымальнікаў

Лідэры Страйкаму прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі і Аляксандар Васільеў былі затрыманыя па дарозе ў Менск, дзе мусілі ўдзельнічаць у мітынгу прадпрымальнікаў. Затрымалі іх супрацоўнікі ДАІ падчас выезду з Горадні. Міліцыянты заявілі, што аўтамабіль Леванеўскага крадзены. У Гарадзенскім РУУСе іх трымалі тры гадзіны.

Мікрааўтобус застаўся ў міліцыі для праверкі, а Васільеў і Леванеўскі мусілі ўзяць таксоўку, каб вярнуцца дамоў. Валерыю Леванеўскаму не вярнулі ягоных рэчаў, якія былі ў мікрааўтобусе, у прыватнасьці, дыктафон, лічбавы фотаапарат, бэнзінавы генэратар.

На Насту Палажанку і Аляксея Янушэўскага заведзеная крымінальная справа

Яны праходзяць у справе незарэгістраванага «Маладога фронту» (Корбана і Хведарука) у якасьці падазраваных. Ім таксама закідаюць арт.193‑1 (удзел у незарэгістраванай арганізацыі).

Палажанка зьвязвае перакваліфікацыю яе са сьведкі ў падазраваную з агульным ціскам на моладзь перад 25 Сакавіка. Дзяўчына адмовілася ад паслугаў прызначанага ёй адваката і самастойна адшукала абаронцу.

Шахцёрам не даюць пратэставаць

Салігорскі гарвыканкам забараніў незалежнаму прафсаюзу працаўнікоў РУП «Беларуськалій» правядзеньне пікету 14 сакавіка. Фармальная нагода для забароны — эпідэмія грыпу. У найбліжэйшы час гарнякі зьбіраюцца падаваць новую заяўку.

Падчас заплянаваных на 14 сакавіка акцый удзельнікі меркавалі ўзьняць пытаньні падвышэньня каэфіцыенту аплаты працы працаўнікам абагачальных фабрыкаў, а таксама вырашэньня жыльлёвых праблемаў працаўнікоў прадпрыемства.

У Салігорску працягвае працу спэцыяльная камісія, якая высьвятляе прычыну гібелі шахтара Мікалая Кісяля, што загінуў 19 лютага ў выніку абвалу ў шахце. У складзе камісіі працуюць прадстаўнікі прафсаюзу і адміністрацыі прадпрыемства, супрацоўнікі праваахоўных органаў і МНС.

Амбасадарка ЗША ды Зьміцер Бартосік у гасьцях у Міколы Статкевіча

Палітвязьня Міколу Статкевіча, які адбывае пакараньне на «хіміі» ў вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну за арганізацыю дэманстрацыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 г., наведала амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт. Гэта першы візыт кіраўніка амэрыканскай амбасады да Міколы Статкевіча. Раней некалькі разоў яго наведвалі амбасадары Нямеччыны, Швэцыі, Чэхіі, Славакіі, а таксама кіраўнік місіі АБСЭ Оке Пэтэрсан. Размова сп.Статкевіча з амбасадаркай працягвалася каля дзьвюх гадзінаў.

Раней, 7 сакавіка, палітвязьня наведаў бард Зьміцер Бартосік, які зладзіў для Міколы Статкевіча і насельнікаў інтэрнату імправізаваны канцэрт.

Гарадзенскія памежнікі ізноў цікавяцца «каліноўцамі»

На чыгуначным вакзале ў Горадні памежнікі перапісалі дадзеныя студэнтаў, што навучаюцца ў Польшчы на праграме імя Кастуся Каліноўскага. Гэта адбылося перад адпраўленьнем польскай электрычкі. Памежнікі перапісалі дадзеныя са студэнцкага білету Яўгена Скрабутана. Затым забралі ягоныя квіток і пашпарт, але па нейкім часе дакумэнты хлопцу вярнулі. Гарадзенскія памежнікі таксама зацікавіліся студэнцкімі пасьведчаньнямі яшчэ двух «каліноўцаў», якія праходзілі кантроль раней за Скрабутана.

13 сакавіка

Ператрус у Гарэцкага

Поўна ўвечары сьледчая група правяла ператрусы на кватэрах прэс‑сакратара незарэгістраванага «Маладога фронту» Барыса Гарэцкага і ягонай маці. Cканфіскаваныя паперы і сыстэмны блёк братавага кампутара.

Допыты ў Горадні

Супрацоўнікі гарадзенскага КДБ наведалі навучальныя ўстановы. Зь непаўналетнімі Вольгай Смалянчук, Яўгеніяй Шасьцераковай ды Вольгай Галубец яны размаўлялі ў школах. З Хрысьцінай Марчук і дзяўчынай, чыё імя не паведамляецца, — у дэканаце філфаку ўнівэрсытэту. Дзяўчатам паведамілі, што іх імёны былі ў сканфіскаваным падчас ператрус на кватэры Насты Палажанкі сьпісе.

і ў Магілёве

На допыты ў мясцовы КДБ выклікалі сем чалавек. Сьледчых Грыбайлу, Ішчынку ды Курпачэнку цікавіла тое ж, што і іх гарадзенскіх калегаў: абласныя ды сталічныя структуры «МФ», хто кіруе арганізацыямі, якое дачыненьне да арганізацыі мае дапытаны. Антона Усьцімчука, Тацяну Буланаву, Максіма Азарава і непаўналетняга Расьціслава Панкратава дапытвалі ў якасьці сьведак па справе «дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі». З магілёўскай спэцкамэндатуры ў абласны КДБ выклікалі на допыт Артура Фінькевіча, які адбывае пакараньне за палітычнае графіці. Днём раней быў дапытаны Кірыла Паражынскі. Крысьціна Шацікава чакае выкліку на допыт.

Допыт мастоўскага дэпутата

У Мастах у якасьці сьведкі дапыталі дэпутата мясцовага раённага савету Зьмітра Кухлея. Дзеля гэтага з Ваўкавыску адмыслова прыехаў маёр КДБ Васіль Барысік, якога цікавілі пытаньні, датычныя Корбана і Хведарука, ды агульная інфармацыя пра дзейнасьць арганізацыі.

У Жлобіне

Мясцовыя КДБісты і дапыталі былога маладафронтаўца Эдуарда Зелянкова. Допытам кіраваў гомельскі супрацоўнік КДБ, які спасылаўся на загад са сталіцы. Былі дапытаныя і некалькі актывістаў арганізацыі, у т.л. непаўналетні Кірыл Атаманчык, які на допыт зьявіўся разам з бацькам.

14 сакавіка

Яшчэ адна крымінальная справа

Знаходзячыся на допыце ў гарадзкой пракуратуры прэс‑сакратар незарэгістраванага «Маладога фронту» Барыс Гарэцкі даведаўся ад сьледчага Сяргея Грахоўскага, што стаўся падазраваным у справе «Маладога фронту». У сувязі з гэтай крымінальнай справай, сьледчы дапытаў таксама Зьмітра Хведарука, Людмілу Атаколаву, Віктара Янчарэвіча

Віцебскія гутаркі

У Віцебскую абласную ўправу КДБ выклікалі на гутарку студэнта Андрэя Данілеўскага. Задалі ўсяго два пытаньні: што яму вядома пра «Малады фронт» і ці мае ён дачыненьне да яго дзейнасьці.

У ў навучэнкі віцебскага ліцэю №1 Алены Багданавай супрацоўнікі КДБ пыталіся пра тое, колькі плацяць сяброўскіх унёскаў у «Маладым фронце», ці ведае яна лідэраў або шарагоўцаў арганізацыі, чаму ейныя тэлефоны зафіксаваныя як кантакты зь віцебскімі «маладафронтаўцамі».

У Віцебску дапыталі і адзінаццаціклясьніка віцебскай гімназіі №1 Ўладзіслава, студэнтку Юлію Матусевіч, а ў аршанскім гараддзеле КДБ гутарылі з актывістам Ігарам Казьмярчаком.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?