Што трэба рабіць, калі мы сапраўды разьлічваем на дэмакратычныя перамены. Дыскусійнае меркаваньне Біруты Янкевіч з пошты Рэдакцыі.

Пэўная частка беларускай апазыцыі разьлічвае зьмяніць улады ў Беларусі пры адпаведным павароце жаданьняў Масквы. Калі такі сцэнар зьдзейсьніцца, «нацыянальнай апазыцыі» застануцца да кіраваньня хіба што Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства культуры, а калі пашэнціць — і Міністэрства адукацыі.

Ці варта нешта рабіць, каб атрымаць так мала? Мне здаецца – варта.

Мы будзем мець магчымасьць на перамогу ў шырокім сэнсе гэтага слова, калі будзем падрыхтаваныя і зладжана спрацуем там, дзе нам дадуць гэта зрабіць. А галоўнае — у галіне адукацыі і культуры. Калі на наступны дзень па зьмене ўлады (не праз тры дні і не празь месяц, але на наступны дзень, пакуль ня пройдзе эўфарыя ад «перамогі») мы здолеем распачаць працэс беларусізацыі адукацыі (перадусім — беларуская гісторыя, мова, літаратура, навука пра грамадзтва, ангельская мова), мы будзем мець шанец на перамогу.

Гэта будзе цяжкая праца, бо трэба будзе хутка падрыхтаваць настаўнікаў да працы з новымі падручнікамі і новай мэтодыкай, тут спатрэбіцца дапамога беларускіх НДА, іхныя замежныя кантакты, вопыт нашых геніяльных настаўнікаў, некаторыя зь якіх цяпер нават проста ня маюць магчымасьці працаваць у беларускай сыстэме адукацыі.

Нам трэба будзе за некалькі месяцаў надрукаваць агромністую колькасьць якасных каляровых падручнікаў. Нам трэба будзе наладзіць сыстэму працы школьнага самакіраваньня. І мы гэта ўсё нават зробім, калі... будзем да гэтага ідэальна падрыхтаваныя.

Падрыхтаваныя ня толькі маральна (цяпер ствараецца адчуваньне, што калі нехта рыхтуецца да таго, што трэба будзе кіраваць нейкай галіной у краіне, то выключна маральна). Трэба мець распрацаваныя падручнікі, прынамсі на пяць галоўных прадметаў, пазначаным вышэй. І гэта ня мусяць быць перапісаныя старыя падручнікі — гэта мусяць быць падручнікі, якія б дапамагалі вучыць дзяцей думаць, самастойна ацэньваць сытуацыі і прымаць на падставе аналізу рашэньні. Мэтодыкі, збудаваныя на падставе модульных сыстэмаў, іншых сучасных мэтодыкаў навучаньня, якія мы цяпер мусім вывучаць і адаптаваць. Распрацаваныя праграмы трэнінгаў для настаўнікаў па тым, якім чынам карыстацца новымі мэтодыкамі і падручнікамі, гэтаксама — трэнінгі для дзяцей, бацькоў і настаўнікаў па тым, якім чынам наладзіць эфэктыўнае школьнае самакіраваньне. І ўсё гэта трэба рыхтаваць цяпер. І рыхтаваць на вельмі сур’ёзным узроўні. Трэба мець падрыхтаваны бюджэт увядзеньня зьменаў у школах. Бюджэт, які, акрамя ўсяго, будзе ўключаць новую апаратуру для выкарыстаньня новых аўдыё‑ і відэаматэрыялаў ва ўсіх школах, трэнінгі па навучаньні настаўнікаў, друкаваньне падручнікаў, вытворчасьць неабходнай колькасьці іншых матэрыялаў і г.д. Трэба вельмі добра прадумаць крыніцы фінансаваньня, зь якіх будуць спансаравацца падобныя зьмены, асаблівую ўвагу надаўшы альтэрнатыўным дзяржаўнаму бюджэту крыніцам, бо фінансаваньне адукацыі наўрад ці стане прыярытэтнай задачай ураду.

Калі мы падрыхтуем і правядзем добрую рэформу сыстэмы адукацыі, якая дапаможа ня толькі навучыць дзяцей гісторыі Беларусі, якой яны могуць ганарыцца і зь якой сябе асацыяваць, навучым іх самастойна мысьліць, але і закладзём пачаткі грамадзянскай супольнасьці ў шырокім пласьце грамадзтва — менавіта праз школьнае самакіраваньне, тады мы сапраўды распачнем незваротны працэс станаўленьня грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. А як вядома, толькі вольнае грамадзтва зможа рацыянальна абіраць сваю будучыню падчас галасаваньня на выбарах і іншых праяваў беспасярэдняга ці пасярэдняга волевыяўленьня. Менавіта грамадзтва з усталяванымі мэханізмамі дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці, што складаецца з добра адукаваных грамадзянаў, ня мае вялікіх шанцаў стаць на шлях дыктатуры.

Паўтаруся. Менавіта цяпер час на падрыхтоўку падручнікаў, праграмаў, мэтодыкаў, заснаваных на найлепшых заходніх і старабеларускіх традыцыях адукацыі. Мяркуючы з разьвіцьця падзеяў — заўтра можа быць позна.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?