Сяргей Новік‑Пяюн. Дні лятуць. Песьні з-за кратаў. [Беларускі музычны архіў] БМА‑груп, 2007.

Песьні на вершы паэта, што перажыў усе тры акупацыі Беларусі, нацярпеўся ад саветаў, палякаў ды немцаў і дажыў да нашых дзён, убачыўшы першыя дні Незалежнасьці. Гэта працяг сэрыі «Беларускі музычны архіў», дзе ўжо выйшлі дыскі, прысьвечаныя Манюшку, Геніюш, Забэйду‑Суміцкаму.

Сваім голасам Новік дае форы некаторым выканаўцам‑удзельнікам праекту.

Раней самай вядомай песьняй Новіка была, бясспрэчна, «Зорачкі». Гэты праект можа даць сьвету яшчэ колькі гітоў. Для каго бліжэй аўтарская песьня — Тацяна Беланогая прапануе сваё прачытаньне «Над калыскай» і «Ночкі». Хто хіліцца ў бок мяккага гітарнага гучаньня — праект «Бава» з кранальнай «Праз акіян». Клясычную музычную плынь прэзэнтуе тут Ларыса Сімаковіч з той жа «Калыханкай», а рок‑андэрграўнд — «Голая манашка» («Павязаным» — супэр!). А ёсьць жа яшчэ рэп «Матуля мая!» ад «Чырвоным па белым».

Пры ўсёй рознасьці ў стылях, тэхніцы, запісу дыск слухаецца на дзіва гарманічна. Тую гармонію толькі падкрэсьлівае голас самога паэта з уцалелых магнітафонных стужак: між песьнямі раз‑пораз ён чытае свае вершы, а пры канцы бонусам зьмяшчаюцца песьні, сьпяваныя Сяргеем Новікам. Сваім голасам ён дае форы некаторым выканаўцам‑удзельнікам праекту:) У такім своеасаблівым трыб’юце практычна няма надта гучных імёнаў, таму дыск цікавы ўдубальт, бо можна пазнаёміцца яшчэ і з такімі выканаўцамі, як «Водгук‑квартэт», «Ростра», Інэса Леаданская ды інш. Сваімі песьнямі ўпрыгожылі праект Данчык, Шалкевіч, Вайханскі і P.L.A.N. Зь відавочных правалаў — малавядомы гурт «Jus Gladii» і ягоная малаўцямная спроба запісаць «Ночку» па мэтале зусім без уяўленьня.

Дыск — для ўсіх калекцыянэраў сучаснай беларускай музыкі і паэзіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?