Газэта «Гомельская праўда» ў нумары за 15 сакавіка папрасіла прабачэньня ў старшыні Гомельскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Андрэя Толчына і яго сям’і.
Абвяржэньне, якое надрукавала афіцыйная газэта датычыць публікацыі ў нумары за 16 лістапада 2006 году — рэдакцыя прызнала ў абвяржэньні, што некаторыя фармулёўкі той публікацыі зьяўляюцца прыватнымі меркаваньнямі аўтара Пятра Кузьміна.
Кузьмін, у прыватнасьці, напісаў, што «ніхто з радавых членаў дэмакратычных арганізацыяў ня можа дазволіць сабе той раскошы, якую маюць іх важакі», а таксама назваў Толчына і яго жонку «фактычна бамжамі» (Толчын з жонкаю дзесяць гадоў жывуць у кватэры сястры ня маючы прапіскі).
Кузьмін і рэдакцыя «Гомельскай праўды» папрасілі ў Толчына і ягонай сям’і прабачэньня.
— Супрацоўнікі «Гомельскай праўды» не прытрымліваюцца ня толькі закону аб СМІ, але і кодэксу прафэсійнай этыкі журналістаў, — сказаў Толчын, камэнтуючы публікацыю, абвяржэньне якой наказаў газэце гомельскі раённы суд.





